Мінскую краму, дзе пакупнік пабачыў пацука, зачынялі на прафілактыку
![Пацук, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-04/pacuk-0804.jpg.webp?itok=ocuTd4C4)
Пацук, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Мінску ў адной з сеткавых крамаў на вуліцы Казінца пакупнік пабачыў пацука. Відэа завірусілася ў TikTok на пачатку красавіка. Па словах пакупніка, велічыня жывёлы дасягала 20 сантыметраў.
У каментары "Мінск-Навінам" спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі патлумачылі, што ў краме перыядычна праводзяцца прафілактычныя дэратызацыйныя працы — грызуноў труцяць. Для гэтага выкарыстоўваюць таксічны сродак з назапашвальным эфектам. "Гэтае рэчыва выклікае ў грызуноў смагу. У пошуках вады яны пакідаюць месцы сваіх хованак і могуць з'явіцца нават у людных месцах, што і адбылося ў краме на вуліцы Казінца", — кажуць эпідэміёлагі.
1 красавіка дзейнасць крамы прыпынілі. Там правялі санітарна-тэхнічныя і дэратызацыйныя мерапрыемствы.
І ўжо 5 красавіка санстанцыя дазволіла краме аднавіць працу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.