Мінскі гімназіст за напад на настаўніцу асуджаны на 8 гадоў зняволення

Мінскі гімназіст за напад на настаўніцу асуджаны на 8 гадоў зняволення

Вучань мінскай гімназіі № 74 16-гадовы Данат С. за напад на настаўніцу рускай мовы і літаратуры асуджаны на 8 гадоў зняволення ва ўстанове выхаваўчага тыпу. Такое рашэнне 7 красавіка вынес Мінскі гарадскі суд, які прызнаў юнака вінаватым “у замаху на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці, учынены з асаблівай жорсткасцю”. Працэс працягваўся з 13 лютага ў закрытым рэжыме.

Здарэнне адбылося раніцай 23 траўня мінулага года. Па афіцыйнай версіі, дзевяцікласнік зайшоў у клас, зачыніў дзверы і нанёс настаўніцы не менш за 15 удараў “вострым прадметам” (прыладу злачынства не знайшлі) і 2 удары “цвёрдым тупым прадметам”. Жанчына атрымала раненні і пэўны час правяла ў бальніцы. Гімназіста затрымалі, ён знаходзіўся ў СІЗА на Валадарскага. Следства прыйшло да высновы, што матывам злачынства стала помста за адзнаку, якую хлопец палічыў несправядлівай. Сваёй віны Данат С. не прызнаў.

Па словах пацярпелай настаўніцы Валянціны Уладзіміраўны, яна не трымае зла на нападніка і прасіла суд быць міласэрдным да яго. Маўляў, ён ітак сябе ўжо пакараў. Праўда, пытанне журналіста пра тое, ці лічыць яна сябе вінаватай у здарэнні, назвала нетактоўным.


"Мы ўсе дарослыя людзі, і ўсе адказваем за тое, што адбываецца з дзецьмі ў нашым грамадстве, — на развітанне сказала журналістам настаўніца. — І ніхто не здымае з сябе адказнасць. Але ў нас чамусьці прынята ўсё валіць на школу і настаўнікаў. Я думаю, што трэба часам паглядзець у сям'ю".


Бацькі Даната, слухаючы прысуд, моцна трымаліся за рукі. Перад гэтым яны ціха размаўлялі з сынам, які выглядаў спакойным і ўсмешкай адказваў на іх словы. Адразу пасля агучвання прысуду, бацькі і адвакаты Даната пакінулі залу суда.


"Жорстка. Несправядліва. Незаконна", — коратка пракаментавала прысуд адвакат хлопца Людміла Палачкіна. 


Адвакат пацярпелай Ганна Дакуцька мяркуе, што прысуд рэабілітаваў настаўніцу, бо ў прэсе было "шмат інсінуацый і версій справы". Дачка Валянціны Уладзіміраўны ў сваю чаргу абвінаваціла журналістаў у непраўдзівай падачы фактаў, і распавяла, што каментары пад артыкуламі ператварылі жыццё сям'і ў пекла.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі