Вы тут

Напад на настаўніцу гімназіі: як гэта было

Фота Еўрарадыё

7 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе агучаць прысуд гімназісту Данату С., якога падазраюць у нападзе на настаўніцу рускай мовы і літаратуры.

Напад

Трагедыя ў сталічнай гімназіі №74 адбылася 23 траўня 2016 года. Згодна з афіцыйнай версіяй, падазраваны дзевяцікласнік Данат С. зайшоў у клас каля 8.20 раніцы, закрыў за сабой дзверы і напаў на 57-гадовую настаўніцу рускай мовы і літаратуры, нанёсшы у вобласць жыццёва важных органаў 15 удараў вострым прадметам і два ўдары тупым. Параненая настаўніца пазваніла дачцэ і паведаміла, што на яе напалі. Дачка патэлефанавала дырэктару школы, выклікала хуткую і міліцыю. Жанчына апынулася ў рэанімацыі. Хлопца неўзабаве арыштавалі на ўроку фізкультуры.

Следства і суд

Следства па справе Даната С. цягнулася амаль 9 месяцаў. Пра тое, што прылада злачынства знойдзеная, і што на рэчах школьніка — кроў пацярпелай, Следчы Камітэт аб'явіў літаральна праз месяц пасля здарэння. Хлопец сваёй віны не прызнаў і не ішоў на кантакт са следчымі. Матывам злачынства следчыя назвалі помсту за адзнакі. Суд над 16-гадовым гімназістам (16 гадоў яму споўнілася ў сакавіку) пачаўся 13 лютага ў закрытым рэжыме. За замах на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці, учынены з асаблівай жорсткасцю, гімназісту пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Данат С. і сям'я

Аднакласнікі Даната, іх бацькі, першая настаўніца хлопца а таксама трэнер па джыў-джыцу характарызуюць падазраванага, як спакойнага і ўраўнаважанага чалавека з добрай сям'і. Па іх словах, хлопец уваходзіў у 10-ку лепшых вучняў класа, удзельнічаў у алімпіядах і марыў стаць доктарам, як бацька. Разам з Данатам быў затрыманы яшчэ адзін аднакласнік, але пасля допыту яго адпусцілі. Бацькі хлопца падчас следства не ішлі на кантакт з прэсай, каб не нашкодзіць пацярпелай і сыну. Аднак, наколькі вядома Еўрарадыё, пісалі хадайніцтвы ў сувязі з неадпаведнасцямі ў следстве. Маці цягам дзевяці месяцаў адмаўлялі ў спатканні з сынам. На допытах хлопца прысутнічаў бацька. Данат прайшоў паліграф, які паказаў, што хлопец не хлусіць, калі кажа, што не вінаваты.

Настаўніца

Паводле аднакласнікаў Даната, настаўніца цудоўна ведала свой прадмет, падавала яго на высокім узроўні, аднак мела няпросты характар. Пытанні адносінаў Валянціны Уладзіміраўны і дзяцей, кажуць бацькі, пастаянна абмяркоўваліся на бацькоўскіх сходах. Падчас следства пацярпелая і яе сям'я катэгарычна адмовіліся ад кантактаў з прэсай. Валянціна Уладзіміраўна пагутарыла толькі з журналістам "Народнай волі", якому распавяла, што "не трымае зла на таго, хто гэта зрабіў". Падчас суда ў размове з журналістамі настаўніца абурылася артыкуламі, якія выходзяць "з падачы бацькоў аднакласнікаў Даната" і сказала, што хоча перадусім справядлівасці. Маўляў, у яе ніхто не прасіў прабачэння. Калі б яна ўбачыла, што чалавек шкадуе аб здзейсненым, то прасіла б для яго найменшага пакарання. Пасля прысуду Валянціна Уладзіміраўна гатовая распавесці журналістам усё, што здарылася 23 траўня. Яна працягвае працаваць у гімназіі. Калегі настаўніцы і дырэктар школы з прэсай не кантактуюць.

 

Версія здарэння аднакласнікаў Даната і іх бацькоў

 

У 8.12 Данат заходзіць у школу (яго прывозіць маці).

 

8:15. Размаўляе з настаўніцай французскай мовы, яна пытаецца, чаму ён прыехаў так рана, бо першы ўрок адменены.

 

8:17. Сустракае свайго аднакласніка. У гэты ж час у кабінет рускай мовы заходзіць настаўніца геаграфіі. Усё ў парадку.

 

8:24. Настаўніца рускай мовы Валянціна Уладзіміраўна тэлефануе дачцэ і кажа, што на яе здзейснены напад.

 

У 8:31 хлопец разам з сябрам ідзе прагуляцца на вуліцу.

 

8:51. Прыходзіць у гардэроб і рыхтуецца да ўрока фізкультуры. У гэты час яму тэлефануе бацька і кажа, што Данат здзейсніў напад на настаўніцу. Хлопец перапытвае бацьку, ці правільна ён зразумеў яго.

Іншае

Па словах маці Даната (яна дала адзінае інтэрв'ю, якое апублікавалі ў першы дзень суда, пасля чаго ёй давялося падпісаць паперу ад неразгалошанні), прылада злачынства так і не знойдзеная: у двары школы выявілі лязо ад нажа, але без адбіткаў пальцаў падазраванага. Са слоў бацькоў аднакласнікаў, якія валодаюць некаторымі падрабязнасцямі справы, пры першым аглядзе хлопца крыві на яго вопратцы бачна не было. Пры гэтым, калі хлопец з маці зайшлі ў кабінет, дзе было шмат крыві, ім не далі бахіл. Дзеці, якія хадзілі на допыты да следчага, кажуць, што іх словы пра настаўніцу перайначваліся да агульнай фразы "яна была строгай, але справядлівай".