Мінская разня бензапілой: чаму дрэвы ўздоўж мінскіх вуліц кожны год трэба мяняць

Мінская разня бензапілой: чаму дрэвы ўздоўж мінскіх вуліц кожны год трэба мяняць

5 красавіка на праспекце Незалежнасці ў Мінску былі заўважаныя работнікі УП "Мінскзелянбуд". Яны падрыхтавалі да пасадкі побач з Галоўпаштамтам новыя дрэвы. Як распавялі Еўрарадыё ў "Мінскзелянбудзе", у гэтым годзе на галоўным праспекце сталіцы вырашана высадзіць 170 новых ліп.

Прычым тут ЮНЭСКА?

Гэтае рашэнне выклікае шмат пытанняў. Па-першае, чаму ліпы?

Летась кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі Анжаліка Пузанкова распавядала, што азеляніцелі адмовіліся саджаць ліпы і каштаны ўздоўж вуліц. Яны дрэнна пераносяць негатыўнае ўздзеянне гарадскога асяроддзя і высокую канцэнтрацыю соляў.

Але сёлета на праспекце Незалежнасці зноў высаджваюць ліпы. Парадокс!

"Праспект з'яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай. Ліпы на ім з'яўляюцца следаўтваральнай пародай. Ліпы на іншыя дрэвы там памяняць нельга. Мы кожны год іх высаджваем", — тлумачыць Еўрарадыё Пузанкова. У іншым каментарыі яна згадвае, што праспект Незалежнасці кандыдат на ўнясенне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Паколькі на ім першапачаткова былі ліпы, дык і цяпер мусяць расці ліпы.

Калі так прынцыпова вярнуць праспекту Незалежнасці першапачатковы выгляд, дык трэба не толькі высадзіць ліпы, але і, напрыклад, прыбраць "Не-Кемпінскі" недабудаваны гатэль ля цырка!

У 2014 годзе тая ж Анжаліка Пузанкова распавядала "Камсамольскай праўдзе ў Беларусі", што праспект Незалежнасці ўжо знаходзіцца ў спісе ЮНЭСКА: "У прыродзе няма ніводнага дрэва, здольнага адаптавацца да такіх цяжкіх умоваў. Што ні пасадзі, будзе гэтак жа хварэць і цяжка прыстасоўвацца. Але нават гэты аргумент не галоўны. Справа ў тым, што праспект Незалежнасці з ліпавымі насаджэннямі лічыцца спадчынай ЮНЭСКА, таму саджаць тут будзем толькі ліпы".

Пра дрэвы клапоцяцца, але яны ўсё роўна не выжываюць

Кожны год “Зелянбуд” распавядае, як спрабуе мінімізаваць страты, распрацоўваюць і зацвярджаюць ўсё новыя і новыя мерапрыемствы "па павышэнні жыццяздольнасці раслін". Яны прамываюць глебу, мыюць ствалы і кроны дрэваў (у тым ліку з прымяненнем парашкоў), падкормліваюць карані і апрацоўваюць насаджэнні стымулятарамі росту, замяняюць грунт, ствараюць дрэнажную сістэму для паліву і падкормкі, высаджваюць дарослыя дрэвы, за якімі вядуць (па іх словах) пільны дагляд…

За гады эксперыментаў з дрэвамі на вуліцах Мінска было выяўлена, што найбольш солеўстойлівая парода — ясень, які, дарэчы і высаджвалі апошнія некалькі гадоў. Але ўсё дарма, і кожны год частку дрэваў на праспекце Незалежнасці мяняюць, таму што ў такіх умовах яны не вытрымліваюць нават аднаго сезона, бо тут ёсць і іншая напасць — солевая завісь, якая спальвае лісце і пупышкі дрэў уздоўж дарог.

 

Завісь — вадкасць ці газ, у якіх размешчаны часцінкі якога-небудзь цвёрдага цела ў завіслым стане.

 

Мінская разня бензапілой: чаму дрэвы ўздоўж мінскіх вуліц кожны год трэба мяняць

Колькі каштуюць новыя дрэвы для гораду?

У "Мінскзеленбудзе" адмовіліся даваць інфармацыю пра кошт закупленых дрэў. Спачатку кіраўнік службы забеспячэння Аляксандр Сасім заявіў, што ён не можа назваць цану, таму што дрэвы для праспекта Незалежнасці яшчэ не закупленыя. Але, калі мы распавялі, што ўжо бачылі побач з Галоўпаштамтам рабочых і машыны з ліпамі, ён адказаў, што не ўпаўнаважаны агучваць цэны.

У гадавальніку УП "Броўкі Мінскзелянбуда" ліпа 3-й групы ў розніцу каштуе 37 рублёў 67 капеек. Усяго 170 дрэў будуць каштаваць 6403 рублёў 90 капеек. І гэта толькі дрэвы. А яшчэ трэба заплаціць за транспарціроўку, угнаенні, глебу (бо яе змяняюць з-за забруджвання соллю), заробак рабочым…

У прэйскуранце "Зелянбуда Фрунзенскага раёна" пасадка ліставых дрэваў з дадаваннем расліннага грунту каштуе 132 рублі 40 капеек. Разам атрымліваецца, што пасадка 170 дрэў будзе каштаваць 22 508 рублёў. Гэта амаль $11,5 тысячы.

Усе пры справе

Эколаг Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў распавёў Еўрарадыё, што праблема з павышанай салёнасцю вакол асноўных дарог ў Мінску стаіць вельмі востра:

"Некантралюемае выкарыстанне солі ў зімовы перыяд — гэта сістэмная праблема, за якой у нас ніхто не сочыць. Дарожныя рабочыя раскідваюць пясчана-саляную сумесь па сваім меркаванні. І немагчыма прадбачыць якая дзе будзе канцэнтрацыя. Усё, што адсочваецца — гэта колькі закупляе горад гэтай сумесі і колькі па выніку застаецца пасля сезона".

Соль знішчае пасадкі. У зімовы перыяд вялікая колькасць солі ператвараецца ў саляную завісь, якая асядае на пупышкі і галінкі дрэў, спальваючы іх. У выніку штогод, з аднаго боку, закупляецца велізарная колькасць пясчана-саляной сумесі, а з іншага, вылучаюцца грошы на новыя і новыя дрэвы. І ўсе пры справе!

"Пытанне эканамічнай рэнтабельнасці тут павінна стаяць вельмі востра, – працягвае Лабанаў. — З аднаго боку, горад марнуе мільёны на зялёныя насаджэнні, а з другога, сам жа зніжае эфектыўнасць іх выжывання да наступнага сезона. Якасць глебы з-за гэтага пагаршаецца пастаянна".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі