Вы тут

Мінпрыроды заклікае не запускаць на святах гелевыя шарыкі

pixabay.com

Запускаць гелевыя шарыкі ў паветра шкодна для навакольнага асяроддзя і жывёл. З такім зваротам выступіла Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У ведамстве адзначаюць, што запуск гелевых паветраных шарыкаў у неба стаў вельмі папулярны ў беларусаў падчас святаў. Але наступствы небяспечныя і шкодныя.

Калі абалонка ад шарыка трапляе на зямлю або ў вадаём, яна пачынае выдзяляць таксічныя рэчывы. Найбольшую небяспеку паветраныя шарыкі нясуць для жывёл і птушак: латэкс, стужкі і ніткі, якімі перавязваюць шарыкі, трапляюць ім у кішэчны тракт, што прыводзіць да смерці.

У Мінпрыроды прапаноўваюць на выпусных вечарах замест запуску гелевых шарыкаў зрабіць што-небудзь больш экалагічнае — пасадзіць кветкі або дрэвы. "Гэта сімвалічна і экалагічна: дрэва застанецца назаўсёды, і побач з ім можна павесіць шыльду з годам выпуску, класам і г. д.", — лічаць у ведамстве.