Мінкульт выказаўся пра сітуацыю вакол Курапатаў

Мінкульт выказаўся пра сітуацыю вакол Курапатаў

Міністэрства культуры Беларусі выказалася пра сітуацыю вакол Курапатаў, а менавіта па пытанні змены межаў зон аховы. Устаноўленыя ў Курапатах межы зон аховы ніякім чынам не прыводзяць да страты значнасці месца памяці, адзначаецца ў заяве, інфармуе БЕЛТА.

Адзначаецца, што ў 2014 годзе ўзнікла "аб'ектыўная неабходнасць" у актуалізацыі і перапрацоўцы схемы зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты Мінскага раёна Мінскай вобласці", якая была зацверджана Мінкультам у 2004-м. Чыноўнікі сцвярджаюць, што гэтая схема не адпавядала патрабаванням закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", які пачаў дзейнічаць у 2006 годзе. І ў 2013 годзе на тэрыторыю распрацавалі дакументацыю, якая "фармальна адмяняла дзеянне распрацаванай схемы зон аховы". Таксама ўлічвалася змяненне характару навакольнага асяроддзя і планіровачнай структуры найперш у сувязі з будаўніцтвам МКАД.

Пасля гэтага "на розных узроўнях", у тым ліку і ва ўрадзе, узнікла ініцыятыва перагляду рэгламентаў выкарыстання згаданай тэрыторыі. У жніўні 2013-га Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук правёў археалагічныя даследаванні на тэрыторыі паміж лясным масівам Курапаты і межамі ахоўнай зоны. На іх падставе, на падставе архіўных і бібліяграфічных даследаванняў,  адбылася змена межаў зон аховы. Перад гэтым прапановы разглядаліся ў Мінкульце. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты" зацвердзілі 1 снежня 2014 года. Чыноўнікі падкрэсліваюць, што межы змяніліся не толькі на ўчастку па вуліцы Мірашнічэнка, 49. Паколькі згаданы ўчастак цяпер знаходзіцца па-за межамі зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці, то прыняццё рашэнняў па магчымасці будаўніцтва на ім знаходзіцца па-за межамі кампетэнцыі Мінкульта, падкрэсліваецца ў заяве.

Можна меркаваць, што прычынай з'яўлення гэтай заявы Міністэрства культуры стала нядаўняе ток-шоу “Справа прынцыпу” на тэлеканале АНТ. Падчас яго дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк рэзка выказаўся пра змену ахоўных зон мемарыяла “Курапаты”. Як вядома, там спрабавалі пачаць будоўлю, што выклікала пратэсты актывістаў і мясцовых жыхароў. Марзалюк прапанаваў Следчаму камітэту разабрацца, чаму змяніліся ахоўныя зоны (пастанову аб змене межаў падпісала намесніца міністра Ірына Дрыга).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі