Вы тут

Дэпутат Марзалюк: Колькі каштавала памяняць межы ахоўнай зоны Курапат?

Фота Змітра Лукашука

Пазіцыю Міністэрства культуры па Курапатах рэзка раскрытыкаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Ён выступіў на ток-шоў "Справа прынцыпу" на тэлеканале АНТ. 

Частка перадачы прысвячалася пратэстам супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра і намётаваму мястэчку каля Курапатаў.

"Тут ёсць прамая віна Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе была зацверджана ахоўная зона вакол урочышча Курапаты. З улікам праведзеных афіцыйных праверак, раскопак археалагічных былі высветлены межы гэтай зоны. Яны былі афіцыйна зацверджаны пастановай Савета міністраў. У меня проста пытанне: колькі каштавала памяняць межы ахоўнай зоны?"

Як вядома, Марзалюк мае гістарычную адукацыю і сам не адзін год займаўся археалагічнымі раскопкамі. Ён заявіў, што ахоўныя зоны не азначаюць, што на месцы будаўніцтва бізнэс-цэнтра былі пахаванні. Але, заявіў сенатар, яму цікава, хто надавіў на Міністэрства культуры. "Я не веру ў альтруізм. Я думаю, што гэта пытанні да Следчага камітэта", — дадаў ён.

Як паведамлялася раней, грамадскія актывісты (пераважна маладафронтаўцы) два тыдні трымалі вахту, пратэстуючы супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра каля Курапатаў. Пабудаваць яго хацелі на тэрыторыі, нядаўна выведзенай з ахоўнай зоны мемарыялу, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.