Міністры выкупілі ўвесь бізнес-клас у самалёце да Кіева

Міністры выкупілі ўвесь бізнес-клас у самалёце да Кіева

На афіцыйнай старонцы ўкраінскага аэрапорта “Жуляны” выкладзеныя фотаздымкі прылёту беларускай афіцыйнай дэлегацыі. Беларускія чыноўнікі прыляцелі ў Кіеў… рэгулярным рэйсам “Белавіі”. Пры тым, што яны сябры дэлегацыі, якая суправаджае кіраўніка Беларусі падчас яго афіцыйнага візіту ва Украіну.

Сам Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Кіеў 20 ліпеня на сваім “Боінгу”, а міністры вымушаныя былі набываць квіткі на рэгулярныя рэйсы. Чаму? Няўжо месца ў прэзідэнцкім самалёце не хапіла? Ці вырашылі прадэманстраваць сваю дэмакратычнасць і блізкасць на народа?

Прэс-сакратар прэм’ер-мінстра Уладзіслаў Сычэвіч запэўнівае: нічога надзвычайнага ў палёце высокіх чыноўнікаў рэгулярным рэйсам няма.

“Нашы віцэ-прэм’еры часцяком лётаюць звычайнымі рэгулярнымі рэйсамі. Нічога тут дзіўнага няма — як было вырашана, так і паляцелі. Нават урадавыя дэлегацыі даволі часта для палётаў на рознага ўзроўню мерапрыемствы карыстаюцца рэгулярнымі рэйсамі, калі ёсць непасрэднае злучэнне, без перасадак. Проста мы фота не выкладалі. А зараз гэта зрабіла прэс-служба аэрапорта”.

Тое, што гэта быў сапраўды рэгулярны рэйс, а не спецыяльны чартар, Еўрарадыё пацвярджае і намеснік Гендырэктара “Белавіі” Ігар Чаргінец. Па яго словах, у Кіеў штодня адбываецца 5 вылетаў. І беларускія чыноўнікі не занялі цалкам адзін самалёт, а ляцелі рознымі рэйсамі — і ўчора, і сёння. Набыўшы загадзя квіткі.

“Сённяшняя сустрэча двух кіраўнікоў (21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка праводзяць перамовы ў Кіеве — Еўрарадыё) планавалася загадзя. Таму зразумела, што дата была вядомая загадзя, і іншыя сябры дэлегацыі і вылет плануюць загадзя, і квіткі набываюць”, — кажа Уладзіслаў Сычэвіч.

Якім класам ляцелі міністры ў Кіеў?

Лагічна меркаваць, што найперш набываюцца квіткі ў бізнес-клас. Але калі адным рэйсам вылятае больш чыноўнікаў, чым месцаў у бізнес-класе ці калі нехта з шараговых пасажыраў там ужо набыў сабе квіток, то і міністраў садзяць у эканом-клас, упэўнівае нас Уладзіслаў Сычэвіч.

“Няма такога, што прадстаўнікі ўрадавай дэлегацыі прыехалі ў аэрапорт і патрабуюць, каб іх неяк асабліва ў самалёце ўладкавалі, — усе пасажыры роўныя”.

Дарэчы, як стала вядома Еўрарадыё, сёння з Кіева, таксама звычайным рэгулярным рэйсам, у Мінск будзе вяртацца віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі