Міністр культуры лічыць "Славянскі базар" альтэрнатывай "Еўрабачанню"

Міністр культуры Анатоль Маркевіч пракаментаваў адмову Беларусі ва ўдзеле ў сёлетнім "Еўрабачанні". Па словах міністра, еўрапейскі пересенны конкурс у апошні час "стаў некалькі падмяняць агульначалавечыя паняцці", таму нашай краіне не варта перажываць з нагоды няўдзелу. Тым больш, што ёсць альтэрнатыва:

"Міжнародны фестываль “Славянскі базар”, які кожны год, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва дзяржавы, праводзіцца ў Віцебску — вось гэта сапраўдны конкурс. Вось гэта сапраўднае майстэрства, і мы ганарымся тым, што наша краіна становіцца вось такой цудоўнай пляцоўкай. А тут разумеем, напэўна, што справа не ў песні, а справа ў іншым. Час раставіць усё на свае месцы".

Аб тым, што Беларусі адмоўлена ва ўдзеле ў "Еўрабачанні-2021", стала вядома ўвечары 26 сакавіка. Еўрапейскі вяшчальны саюз не ўпадабаў чарговы "шэдэўр" ад праўладнага гурта "Галасы ЗМеста", які сёлета Белтэлерадыёкампанія адабрала прадстаўляць Беларусь. А дагэтуль арганізатары конкурсу забракавалі трэк "Я научу тебя", пачуўшы ў ёй палітычны падтэкст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.