Міністэрства транспарту падрабязна пракаментавала сітуацыю з маршруткамі

Міністэрства транспарту падрабязна пракаментавала сітуацыю з маршруткамі

Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі падрабязна пракаментавала сітуацыю з міжгароднімі маршруткамі. З 26 лютага пачалі дзейнічаць змены, унесеныя ў закон “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”. “Нерэгулярныя перавозкі” прыватнікаў сталі “рэгулярнымі”, а гэта паўплывала на схему працы. Некаторыя перавозчыкі яе прыпынілі.

Начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтрансу Сяргей Дубіна кажа, што новаўвядзенні маюць на мэце павышэнне якасці паслуг, бяспекі пасажыраў, а таксама стварэнне “дадатковых умоў для добрасумленнай канкурэнцыі на рынку пасажырскіх перавозак”. Паводле яго слоў, пры “нерэгулярных перавозках” пасажыр “не меў дамоўных адносін ні з перавозчыкам, ні з арганізатарам гэтай перавозкі”, а таму ў выпадку праблем не мог абараніць свае правы. “У лепшым выпадку яму выдаваўся чэк аб прыняцці наяўных грашовых сродкаў”, — кажа Дубіна.

У той жа час “нерэгулярныя перавозкі” насамрэч мелі ўсе прыкметы перавозак рэгулярных. Змены, якія адбываюцца, “не накіраваны ні на прыватнага, ні на дзяржаўнага перавозчыка”, а датычаць “усіх удзельнікаў рынку”, кажа Сяргей Дубіна. Ён адзначыў, што ў законе няма патрабавання аб абавязковым адпраўленні маршрутак з вакзалу, гэта могуць быць таксама дыспетчарскія пункты, аўтакасы. Гэтае новаўвядзенне мусіць дапамагчы “кантраляваць расклад руху транспартных сродкаў, каб у пасажыраў была магчымасць выбару: адпраўляцца з пасажырскага тэрміналу ці з прыпынку, узгодненага з аператарам”, інфармуе БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі