Вы тут

Мінфін: адміністрацыя Лукашэнкі не падтрымлівае прывязку дзяржпошліны да паліва

pexels.com

Намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко распавёў Еўрарадыё, што цяпер абмяркоўваюцца новыя варыянты аплаты транспартнага падатку.

"Цяпер мы працуем над альтэрнатыўнымі варыянтамі, у тым ліку прапрацоўваем пытанне магчымага ўключэння дзяржаўнай пошліны ў кошт аўтамабільнага паліва. Адміністрацыяй кіраўніка дзяржавы пакуль гэтыя прапановы не былі падтрыманы. У апошні час усё гэта будзе абмяркоўвацца. Пакуль гэта застаецца адкрытым пытаннем”.

Падчас грамадскага абмеркавання большасць людзей настойвала на неабходнасці ўключэння дзяржпошліны ў кошт паліва. На думку людзей, гэта дазволіць забяспечыць яе справядлівае спагнанне: хто больш ездзіць — той больш плаціць.

Наконт таго, калі будзе прынята рашэнне па гэтым пытанні, Дзмітрый Кійко не змог адказаць, але ён спадзяецца, што пытанне будзе вырашана ў гэтым годзе:

“Цяжка сказаць, калі будзе прынята рашэнне. Самы аптымальны варыянт, каб змены пачалі дзейнічаць з 1 студзеня, з пачатку бюджэтнага года, калі гэта можна было б у бюджэце ўлічыць. Магчыма рашэнне будзе прынята і сёлета".

Апошняя спроба прымусіць аўтамабілістаў плаціць транспартны падатак прывяла да таго, што людзі пачалі масава ігнараваць праходжанне тэхагляду, да якога была прывязана дзяржаўная пошліна.