Вы тут

Мінчукі ў паніцы: “Пад маркай капрамонту ў нашым доме хочуць зрабіць гатэль!”

Дом №17 па вуліцы К.Маркса ў Мінску, фота Еўрарадыё

Двор дома №17 па вуліцы Карала Маркса ў самым цэнтры Мінска 17 верасня абяцае стаць цэнтрам супрацьстаяння жыльцоў і камунальнікаў. Жыхары дома не вераць, што пасля “часовага высялення” для капітальнага рамонту іх дома яны вернуцца ў свае кватэры. Камунальнікі абяцаюць прыйсці з міліцыяй і сілай вывесці людзей з іх жылля.

“Наш дом — 1947 года пабудовы, але яго зношанасць усяго 39%. Гэта прызнавала адпаведная ацэнка. Але нечакана некалькі месяцаў таму там заявілі, што зношанасць дома крытычная, і яму тэрмінова патрэбны капітальны рамонт”, распавядае Еўрарадыё жыхар дома №17 па вуліцы Карла Маркса Сяргей Пятровіч.

Па яго словах, ступень гэтай раптоўнай зношанасці дома, вызначалася на вока. Гэта выклікала падазрэнні жыхароў.

“Каб вызначыць зношанасць дома і тое, якім чынам гэтую бяду выпраўляць, павінна была прыехаць адпаведная камісія, правесці ўсе неабходныя замеры, і толькі потым вызначыць, якім чынам дом капітальна рамантаваць. Але нічога гэтага зроблена не было — нас проста паставілі перад фактам: неабходны капітальны рамонт, вас пераселяць ў дамы “падменнага фонду”. Але ніякіх гарантый, што мы ў свае кватэры вернемся, нам не далі”, кажа суразмоўца Еўрарадыё.

Кватэры ў доме прыватызаваныя, усе жыхары даўно зрабілі ў сябе рамонт, і ніякай патрэбы менавіта ў капітальным рамонце дома не бачаць. На іх думку, рэканструкцыі патрабуе хіба што памяшканне на першым паверсе і фасад, які ў свой час сапсавалі падчас рамонту арандатары. Але камунальнікі настойваюць на неабходнасці капітальнага рамонту.

“Толькі ўсе жыльцы перакананыя, што больш мы ў свае кватэры не вернемся — так і застанемся ў тым падменным фондзе, кажа Сяргей Пятровіч. — Ёсць інфармацыя з дасведчаных крыніц, што пад маркай капрамонту ў нашым доме хочуць зрабіць трохзоркавы гатэль. Але хто за гэтым стаіць, нам невядома”.

Сяргей Пятровіч прыгадвае, як яго сям’ю і жыхароў яшчэ трох суседніх дамоў ужо спрабавалі выселіць з кватэр у 2008-м годзе, калі вуліцу Карла Маркса ператваралі ў пешаходную. Тады адстаяць сваю ўласнасць у людзей атрымалася.

Высяляцца са сваіх кватэр людзі і гэтым разам не жадаюць. Асабліва з улікам таго, што ніякай дамовы з ЖКГ, якая б гарантавала ім вяртанне, яны не падпісвалі. Камунальнікі, кажа Сяргей Пятровіч, абяцаюць прыйсці з міліцыяй, выбіць дзверы і выселіць усіх прымусова.

У ЖКГ Ленінскага раёна Мінска Еўрарадыё пацвердзілі, што жыхароў дома №17 па вуліцы Карла Маркса сапраўды збіраюцца выселіць з нагоды капітальнага рамонту.

“Жылы дом знаходзіцца ў перадаварыйным стане. Там трэба выконваць працы. Ніхто нікога назаўжды высяляць на збіраецца”, — распавялі нам у аддзеле капітальнага рамонту гэтай арганізацыі.

А на яе сайце мы знайшлі “Праграму капітальнага рамонту жылога фонду на 2018 год”, зацверджаную 14. 02. 2018 года. У ёй ёсць дом №17 па вуліцы Маркса. Гэты аб’ект “перанесены” з планаў 2017 года на 2018-ты.

Еўрарадыё працягвае сачыць за падзеямі.