Вы тут

Мінчанка паехала ў Баранавічы рамантаваць ноутбук і пабілася з кантралёрам

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніцаў

Мінчанка напала на кантралёра ў Баранавічах. Як паведамляе газета “Наш край”, інцыдэнт адбыўся 30 кастрычніка ўвечары на прыпынку “Аўтавакзал”. Кантралёры вывелі з аўтобуса пасажырку, якая не мела праязнога дакумента. Пасажырка адмаўлялася плаціць штраф і да таго ж паводзіла сябе агрэсіўна: штурхнула кантралёрку, потым выцяла яе кулаком па шчацэ, выкруціла рукі і нанесла ўдар сумачкай па твары.

Утаймоўваць парушальніцу прыбыў нарад міліцыі. Жанчыну даставілі ў гарадскі аддзел міліцыі. Там высветлілі, што гэта 37-гадовая жыхарка сталіцы, якая прыехала ў Баранавічы рамантаваць ноутбук.

6 лістапада Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 366 КК (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае свае службовыя абавязкі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула — абмежаванне або пазбаўленне волі тэрмінам на год.