Мінабароны: усе прызыўнікі праходзяць двухтыднёвую ізаляцыю

Мінабароны: усе прызыўнікі праходзяць двухтыднёвую ізаляцыю

Усе прызыўнікі, якіх забіраюць у войска гэтай вясной, павінны прайсці двухтыднёвую ізаляцыю, распавялі журналістам TUT.by у прэс-службе Мінабароны.

Гэтай вясной прызваць на тэрміновую ваенную службу плануецца 10 тысяч чалавек. Адпраўка прызыўнікоў у войскі пачалася 11 траўня і працягнецца да канца месяца.

Пасля прыбыцця ў вайсковыя часці, дзе яны будуць служыць, юнакі перш-наперш праходзяць двухтыднёвую ізаляцыю — гэта звязана з пандэміяй COVID-19. У гэты час у раскладзе навабранцаў няма трэніровак. Самі хлопцы пры гэтым знаходзяцца пад пільным кантролем медыкаў.

Пакуль што сярод навабранцаў выпадкаў каранавіруса не зафіксавана. У прэс-службе Мінабароны тлумачаць: "Да адпраўкі ў войска яны праходзяць медкамісію. Тых, хто хварэе, служыць не адпраўляюць".

Паводле афіцыйнай інфармацыі на 26 траўня, у Беларусі выяўлена 38 059 выпадкаў каранавіруса, памерлі 208 пацыентаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі