Вы тут

Мінабароны: Па фактах парушэнняў узаемаадносін у войску распачалі 13 спраў

Здымак з архіву. Фота: БЕЛТА

Міністэрства абароны Беларусі пракаментавала гучную справу салдата Аляксандра Коржыча, які трагічна загінуў у войску. Удзень 12 кастрычніка на сайце ваеннага ведамства з’явілася заява, якая пачынаецца словамі “У сувязі са зваротамі, якія паступаюць у Міністэрства абароны…” (як вядома, у інтэрнэце збіраліся подпісы за адстаўку міністра абароны і пад патрабаваннем даць публічную прававую ацэнку смерці Коржыча). У ёй адзначаецца, што інфармацыю пра смерць Коржыча Мінабароны неадкладна перадало ў Следчы камітэт і пракуратуру, была распачатая крымінальная справа.

“У выпадку выяўлення ва ўстаноўленым законам парадку асоб, якія вінаватыя ў смерці вайскоўца Коржыча А. А., яны абавязкова будуць прыцягнутыя да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, — абяцае Міністэрства абароны. Падкрэсліваецца, што па ўсіх фактах злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў войску, распачынаюцца крымінальныя справы. “Па фактах парушэнняў статутных правіл узаемаадносін паміж вайскоўцамі, уключна з тымі, якія не былі звязаны з гвалтам, распачаты крымінальныя справы”, — адзначаецца ў заяве. У 2014 годзе такіх спраў было 13, у 2015-м — 27, у 2016-м — 17, у 2017 годзе — 13.

Мінабароны піша пра тое, што назіраецца рэзкае пагаршэнне “сацыяльна-дэмаграфічнай характарыстыкі прызыўнога кантынгенту”. Высвятляецца, што кожны дзясяты прызыўнік апошніх двух прызываў знаходзіўся на ўліку ў міліцыі, затрымліваўся праваахоўнікамі за адміністрацыйныя парушэнні. “Колькасць прызыўнікоў, якія маюць досвед крымінальных паводзін, склала больш за 4%”, — інфармуе ваеннае ведамства.

Міністэрства абароны Беларусі абяцае, што пра вынікі расследавання ўсіх абставін смерці Коржыча грамадскасць будзе праінфармавана.

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Вокладка кнігі Сяргея Шапрана "Беларускі гістарычны анекдот"
Фота Наталлі і Дар'і Кавальчук з Брэста. Разам з Фондам "Шанс" дзяржава аплаціла аперацыю Дашы ў Даніі.