Мінабароны: Галоўная небяспека — каляровыя рэвалюцыі і інфармацыйныя атакі

Мінабароны: Галоўная небяспека — каляровыя рэвалюцыі і інфармацыйныя атакі

На пасяджэнні 4-га красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымаюць у першым чытанні новую ваенную дактрыну. Галоўны пасыл: “Мы, беларусы –— мірныя людзі, але…”. Праўда, гэтая ж думка была закладзеная і ў папярэднюю ваенную дактрыну. Чым новая адрозніваецца ад старой і што гэта за “але”?

Папярэдняя ваенная дактрына Беларусі была прынятая ў 2002 годзе. Здавалася б, прайшло не так шмат часу, але ў свеце шмат што памянялася і мы вымушаныя рэагаваць на новыя пагрозы, тлумачыць дэпутатам міністр абароны Андрэй Раўкоў. І самае галоўнае, што “глабальная канкурэнцыя ў розных галінах міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння у асобных выпадках перарасла ў адкрытую канфрантацыю паміж краінамі, якія пазіцыянуюць сябе, як асноўныя гульцы на сусветнай арэне”.

“Імкненне да пашырэння зон свайго стратэгічнага ўплыву прывяло да ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаў, росту сепаратызму і прымяненню ваеннай сілы ў абыход дзеючых норм міжнароднага права”, — не называючы “імёны” гэтых гульцоў з амбіцыямі кажа міністр абароны. І распавядае пра змены ў ваенных стратэгіях краін-суседак Беларусі.

Але на якія пагрозы мы найперш звяртаем увагу ў новай ваеннай дактрыне?

Андрэй Раўкоў: “Сёння, апроч класічных форм прымянення ўзброеных сіл, тыповым стала выкарыстанне “стратэгіі непрамых дзеянняў”. Яна прадугледжвае вядзенне баявых дзеянняў чужымі рукамі, масавага задзейнічання радыкальных экстрэмісцкіх тэрарыстычных арганізацый, прыватных ваенных кампаній, шырокае выкарыстанне пратэстнага патэнцыялу насельніцтва. Апошнія падзеі, звязаныя з ланцугом так званых “каляровых рэвалюцый”, “арабскай вясной”, вайной у Сірыі сведчаць, што важная роля пры гэтым адводзіцца правакаванню ўнутраных узброеных канфліктаў звонку”.

Але ёсць яшчэ і “нетрадыцыйныя ваенныя небяспекі, карані якіх ляжаць па-за ваеннай сферай”, агаломшвае міністр абароны. Што ж гэта за “нетрадыцыйныя” небяспекі, якім вымушаная супрацьстаяць наша традыцыйнае войска?

“Выкарыстанне інфармацыйных сродкаў, тэхналогій і кіберзброі ў агрэсіўных мэтах, а таксама негатыўнае інфармацыйнае ўздзеянне на грамадзян нашай краіны”, — палохае дэпутатаў ваенны міністр.

Па яго словах, у праект дактрыны закладзеныя “новыя падыходы да ацэнкі характару сучасных ваенных канфліктаў” і “улічаныя ўсе варыянты развязанай агрэсіі супраць Беларусі і ў тым ліку, стадыя ўнутранага ўзброенага канфлікту, справакаванага звонку з выкарыстаннем так званых гібрыдных метадаў супрацьстаяння”.

На гэтым тлумачэнні заканчваюцца. Я ўсё чакаю, калі міністр абароны назаве краіну, ці шэраг краін, якія наша новая ваенная дактрына разглядае ў якасці патэнцыйных праціўнікаў. Але чую:

“Мы нікога не разглядаем у якасці праціўніка з тых дзяржаў, што нас атачаюць, нікога ў свеце. Але да таго часу, пакуль існуе і з іх боку неагрэсіўная палітыка”, — даводзіць міністра абароны.

А ў адказ на маё ўдакладненне, ці не бачаць “гібрыднай” ваеннай пагрозы з боку Расіі, Андрэй Раўкоў абурана адказвае: “Расія — наш саюзнік! Мы звязаныя кучай дамоўленасцяў. Мы адной крыві — славяне!”.

Увогуле, у мяне склалася ўражанне, што галоўнай ваеннай пагрозай сёння ў Беларусі лічацца магчымасць унутранага канфлікту. Які, у гэтым наша ўлада традыцыйна ўпэўненая, будзе правакавацца кімсьці звонку.

У дэпутатаў пытанняў да міністра і новай ваеннай дактрыны практычна не было — тры нязначныя удакладненні накшталт “Раскажыце, у якім стане цяпер беларуская армія” і “Ці не пацягне прыняцце новай дактрыны дадатковых сродкаў з і так дзіравага бюджэту”. З арміяй усё нармальна — “на мінімальным дастатковым узроўні”, рапартуе міністр. І абяцае: ніякіх дадатковых асігнаванняў — разумее фінансавую сітуацыю ў краіне.

У другім чытанні праект новай ваеннай дактрыны будзе прыняты да лета.

 

 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі