Міліцыя ў Мінску забрала інструменты ў музыкаў

Міліцыя ў Мінску забрала інструменты ў музыкаў

Увечары 15 чэрвеня ў Мінску кампанія маладых музыкаў грала пад мостам на вуліцы Няміга. Праз нейкі час з'явіліся міліцыянты, якія затрымалі ўсіх, паведамляе TUT.by.

Як распавядае музыка Мікалай Салко, да іх падышлі шэсць міліцыянтаў. "Сказалі, што мы не маем права тут граць, што ў нас няма дазволу ад уладаў, хоць там заўсёды граюць музыкі. Мы сказалі: без праблем, гатовыя сысці. Але нам адказалі, каб мы заставаліся на месцы, нас затрымаюць за парушэнне грамадскага парадку"

Музыкаў разам з інструментамі загрузілі ў дзве машыны і завезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Музыкі кажуць, што там іх пратрымалі некалькі гадзін, пратакол на іх перапісвалі двойчы. 

"Ніякіх артыкулаў аб парушэнні закона мы не бачылі. Проста запісалі, што мы гралі, што мы раскайваемся і абяцаем больш нічога не парушаць. Копіі пратаколаў на рукі не выдалі, хоць мы прасілі. Самае галоўнае — у нас забралі інструменты", — наракае Мікалай.

Дарэчы, усе музыкі вучацца ў музычным каледжы, акурат цяпер у іх — сесія. Інструменты ім патрэбныя, каб рыхтавацца да іспытаў, але ці вернуць іх, музыкі не ведаюць. У міліцыі засталіся акардэон, дзве гітары, кахон (ударны інструмент), два комба-ўзмацняльнікі, стойка для мікрафона і сам мікрафон. Міліцыянты аддалі толькі скпыпку дзяўчыне-скрыпачцы, бо ў той быў на носе іспыт. 

"Калі мы спыталі, чаму забіраюць інструменты, нам сказалі, што калі здзяйсняецца злачынства, таксама адбіраюць зброю. Але мы проста гралі пад мостам! Нецэнзурных песень у нас не было, палітычных лозунгаў таксама не было", — здзіўляецца Мікалай Салко.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі