Міліцыя распавяла, як вылічвалі кошт паслуг па ахове масавых мерапрыемстваў

Міліцыя распавяла, як вылічвалі кошт паслуг па ахове масавых мерапрыемстваў

Пра тое, як вылічвалі кошт паслуг па ахове масавых мерапрыемстваў, распавёў на брыфінгу 12 лютага начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах упраўлення аховы правапарадку ГУАПП МГБ Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімір Станілевіч.

Прадстаўнік МУС нагадаў, што палажэнне аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку зацверджанае пастановай Саўміна №49 ад 24 студзеня 2019 года. Увогуле ж аплата паслуг пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў была рэгламентаваная яшчэ ў 2003 годзе ў законе "Аб масавых мерапрыемствах". 

"Тарыфы, прыведзеныя ў пастанове Савета міністраў, з'яўляюцца ўсярэдненымі лічбамі. Яны вызначаныя аналітычным шляхам з улікам правядзення розных масавых мерапрыемстваў у Беларусі, задзейнічаных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, тэхнічных сродкаў і ўдзельнікаў гэтых мерапрыемстваў", — прыводзіць БЕЛТА ягоныя словы.

Станілевіч запэўніў, што арганізацыя грамадскай бяспекі ў Беларусі грунтуецца на сусветнай практыцы. Для арганізацыі бяспекі на масавых мерапрыемствах выкарыстоўваюцца такія тэхнічныя сродкі, як рамачныя і ручныя металадэтэктары, агароджа тэрыторыі, агляд месца сапёрна-піратэхнічнымі групамі, патрульныя машыны ДАІ. 

Нагадаем, што цяпер арганізатары дазволенага ўладамі масавага мерапрыемства павінен заключыь дамовы аб ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні, а таксама прыборцы тэрыторыі. За ахову грамадскага парадку дзейнічаюць наступныя тарыфы: 3 базавыя велічыні (1 базавая — 25,5 рубля) — для мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў да 10 чалавек, 25 БВ — ад 11 да 100 чалавек, 150 БВ — ад 101 да 1 тысячы чалавек, 250 БВ — больш за 1 тысячу чалавек.

Калі мерапрыемства праходзіць у месцах, не аднесеных мясцовымі ўладамі да пастаянных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, то да ўсіх гэтых памерах ужываецца павышальн каэфіцыент 1,5.

Станілевіч дадаў, што гэтае палажэнне распаўсюджваецца на масавыя мерапрыемствы, арганізатарамі якіх з'яўляюцца прафсаюзы, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, а таксама грамадзяне. Выключэннем з'яўляюцца мерапрыемствы, якія ладзяцца за кошт рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў. Аплата за аказанне такіх паслуг ідзе ў рэспубліканскі бюджэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі