Мікалай Аўтуховіч сустрэўся з міністрам транспарту

Мікалай Аўтуховіч сустрэўся з міністрам транспарту

Экс-палітвязень, а цяпер прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч прыйшоў на прыём да міністра транспарту Анатоля Сівака. Як паведамляе Радыё "Рацыя", гэта адбылося 22 красавіка, калі чыноўнік праводзіў выязны прыём грамадзян у Ваўкавыску.

Аўтуховіч з’яўляецца стваральнікам фірмы "Ніка-таксі 22222". У транспартнікаў апошнім часам узніклі прэтэнзіі да гэтай фірмы, таму Аўтуховіч запісаўся на прыём да міністра, каб паведаміць пра свае праблемы.

"Я распавёў суразмоўцу пра карупцыю, пра тое, як працуюць яго супрацоўнікі… І дадаў, што мару толькі пра адно — каб усё было па законе. У нас, напрыклад, былі некаторыя парушэнні, дык заплацілі ж за гэта штраф. А зараз мы атрымалі паперу, што 29 красавіка нас запрашаюць у міністэрства, дзе будзе разглядацца пытанне аб нашай ліцэнзіі", — распавёў Аўтуховіч падрабязнасці свайго візіту.

Па яго словах, міністр абяцаў разабрацца ў сітуацыі.

Таксама Аўтуховіч выказаў меркаванне наконт аўтамабільнага падатку: спытаўся, чаму таксоўцы плацяць падатак на дарогі два разы на год, хаця ўсе астатнія аўтамабілісты — адзін.

Прадпрымальнік кажа, што сустрэчай ён задаволены, бо выказаў усё, што хацеў. Аднак цяпер ён чакае, што вырашаць у міністэрстве з ліцэнзіяй яго фірмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі