Міхалок: Я не ведаю "мовы", затое ведаю, якім павінен быць беларус (відэа)

Сяргей Міхалок у інтэрв'ю ўкраінскаму "Громадське ТБ" распавёў, што прыехаў у Украіну, каб будаваць новае грамадства і ўплываць адтуль на Беларусь:

"Вось цяпер мая радзіма тут. Я беларус, але ва Украіне, разам з украінцамі, грузінамі, армянамі, будую тое грамадства і мадэль, якія дапамогуць у свой час пабудаваць нешта добрае і ў маёй роднай Беларусі".

Прычынай эміграцыі лідар BRUTTO ў чарговы раз назваў "людзей ва ўладзе", якія пагражаюць яго жыццю:

"У Беларусі я не магу знаходзіцца фізічна хоць бы таму, што майму жыццю, маёй свабодзе пагражаюць людзі, якія там знаходзяцца ва ўладзе. Рудыменты, як я сказаў, якія часова акупавалі маю радзіму. Я для Беларусі застаюся вольным, жыву тут, але радзіма разам са мной. ... Таму што мяне маглі там пасадзіць. І што б я там рабіў? Выйшаў бы зламаны праз 7-8 гадоў. Я задзірлівы, я неспакойны чалавек, сядзеў бы там па карцарах, што б я зрабіў там для свабоды і для сваёй Беларусі?"

Аднак, па прызнанні Міхалка, падчас гастроляў па Расіі з "Ляпісам Трубяцкім" яго ахоўвалі "ФСБ-шнікі, палкоўнікі з беларускага горада Ліда":

"У мінулым годзе мы, яшчэ з былой маім гуртом "Ляпіс Трубяцкі", гастралявалі, і з парадку ста канцэртаў 20 не адбыліся,і на кожным былі ФСБшнікі, палкоўнікі з беларускага горада Ліда. І як ні парадаксальна яны мяне абаранялі. Таму што амаль у кожным горадзе стваралася асяроддзе, якое маргіналаў арганізоўвала на нейкія дэструктыўныя дзеянні. Там цяпертакое асяроддзе, што на мяне не патрэбны заказ".

Таксама Сяргей распавёў і пра новы альбом BRUTTO "Родны край", які напісаны "і для беларусаў, і для ўкраінцаў, і для расіян", і чаму для яго не важна, на якой мове спяваць:

"Я спяваю і па-беларуску, і па-руску, і на англійскай, і наогул лічу, што мова гэта ўсяго толькі форма і не настолькі гэта важна. Я — беларус, які не размаўляе па-беларуску. Я дрэнна ведаю "мову", я лінгвістычны крэтын. У інстытуце я англійскую мову здаваў 14 разоў. Я не ведаю мовы, але я лічу сябе беларусам.

Песня будзе і на беларускай мове. Я беларус-інтэрнацыяналіст. Кожная ідэя, кожная думка, кожны змест, яны павінны мець сваю тэкстуру, форму. Таму ўсе сучасныя моладзевыя гурты, якія спяваюць на англійскай мове, паступаюць вельмі няправільна, таму што камусьці трэба спяваць на кітайскай мове. Думкі павінны ўвасабляцца на той мове, якая будзе максімальна зручная для таго, каб гэтая ідэя разраслася. Таму "Не быць скотам" — гэтая фраза, яна не будзе гучаць ні па-руску, ні па-ўкраінску. Гэта мантры, словы, якія вымаўляюцца тысячагоддзямі. Вось латынь, яна ў перакладзе не гучыць. Таму форма камунікацыі павінна быць свабоднай.

Ва Украіне пытанне мовы — гэта пытанне нумар адзін. Людзі гатовыя лепш пайсці страляць, чым вывучыць мову. Я лічу, гэтае пытанне не павінна быць настолькі сур'ёзным. Я не ведаю "мовы", затое я ведаю, якім павінен быць беларус. Я ведаю яго код генетычны, адчуваю яго, і таму на якой мове я размаўляю — не важна. Галоўнае, што я магу сціснуць кулак і прабіць нармальна".

Акрамя таго Міхалок растлумачыў, для чаго набраў у гурт маладых хлопцаў і прыручыў баксёра Гуркова — каб "падоўжыць сваё жыццё і маладосць"

""Старым тут не месца", гэта цяпер павінна быць лозунгам Украіны. Іх жа нельга адразу зрушыць, ведаеш якія яны вопытныя? Вось паспрабуй мяне, мне 43 гады. Я ведаю рок-н-рол, спорт, панк, контркультуру ад і да, і пры гэтым падцягваюся 25 разоў, што ты мне можаш зрабіць? Я цябе звалю нават руку ў кулак ня сціснуўшы. Чаму? Таму што побач са мной маладыя, таму што BRUTTO — гэта новая фармацыя барацьбы з герантакратыяй. Калі б я з маладымі змагаўся, у мяне ў гурце ёсць чалавек на 20 гадоў маладзейшы за мяне, 10-кратны чэмпіён па муай таю. Ён калі шчоўкне пальцам, то я са сваім боксам і са сваімі падцягваннямі палячу на 20 км. Я што зрабіў? Я яго прыручыў. Я кажу: я табе досвед, а ты мне сваю энергію. Давай рабіць разам — я падаўжаю сваё жыццё, сваю маладосць. Ва ўкраінскім грамадстве, палітыцы, ва ўсіх справах павінна быць вось так. Пабольш маладых прыцягваць, таму што ў маладых ёсць тая энергія і запал з іскрай, якія дапамогуць нам, старым, не ператварыцца ў пні, летапісы, прах і тлен. Я заўсёды цешуся, калі дарослыя побач з маладымі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі