Вы тут

Мігрантаў на беларуска-польскай мяжы прышчэпяць ад COVID

Мігранты, якія дагэтуль заставаліся ў лесе, пагадзіліся перабрацца ў лагістычны цэнтр / Белмытнясэрвіс​

Мігрантаў на беларуска-польскай мяжы пачынаюць вакцынаваць ад COVID-19, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на члена Савета Рэспублікі Віктара Лісковіча.

"Сёння будзе пачатая вакцынацыя бежанцаў ад каранавіруса. Па вакцынацыю бежанцы звярнуліся самі", — сказаў ён.

Тэлеграм-канал Shot сцвярджае, што "калоць будуць кітайскую вакцыну Sinopharm". На мінулым тыдні ў Беларусь даставілі 1,5 мільёна доз гэтай вакцыны. Раней, нагадаем, у Мінску назіраліся сур'ёзныя праблемы з даступнасцю гэтага прэпарата. Людзі скардзіліся, што ў паліклініках ім прапануюць толькі "Спутник V".

Сенатар Лісковіч на мяжы таксама расказаў, што ў якасці прафілактыкі мігрантам ужо раздалі каля 10 тысяч масак. Ён таксама адзначыў, што за мінулыя суткі па медыцынскую дапамогу звярнуліся 37 чалавек. Раней Міністэрства аховы здароўя казала, што ўласна па дапамогу звярталіся 9 чалавек. Яшчэ 28 падыходзілі па кансультацыю, і "ўсім ім былі дадзеныя рэкамендацыі па пытаннях здароўя".

Між тым сёння стала вядома, што мігранты, якія дагэтуль заставаліся ў лесе, прынялі рашэнне перабрацца ў лагістычны цэнтр. Акрамя таго, сёння з Мінска вылятае першы эвакуацыйны рэйс у Ірак. Борт верне на радзіму каля 430 чалавек, якія спрабавалі прарвацца праз Беларусь і Польшчу ў Германію і іншыя краіны ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.