Вы тут

Метадычка для гасударавага чалавека: ідэолагі выводзяць "лідараў думак" у сеціва

Прапагандысцкае відэа пра Сяргея Ціханоўскага

На выхадных адбылося нечаканае. Дэпутаты, чыноўнікі, спартсмены, артысты, дактары — разнамасная публіка, якая па самых розных прычынах падтрымлівае цяперашнюю беларускую ўладу, — наладзілі, мабыць, першы ў сваёй гісторыі сеткавы флэшмоб.

"Гасударавы лідары думак" выдалі пару дзясяткаў допісаў ад першай асобы — пра тое, як добра, калі вакол стабільнасць і парадак, і як дрэнна бывала ў іншых краінах, калі разгойдвалі лодку. Дзе адкрыта, а дзе намёкам называлася прычына, з якой гэтыя допісы з'явіліся, — гродзенскі пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай, на якім быў затрыманы яе муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі і іх прыхільнікі.

Дарэчы, допісы Ільіной і Варанюка — першыя ў флэшмобе — адны з нямногіх, дзе Сяргей Ціханоўскі названы адкрыта і разам з ідэалагічнымі штампамі тыпу "не хочу повторения сценариев массовых беспорядков как на Украине во время предвыборной компании" (арфаграфія аўтара захаваная) гучаць адкрытыя абвінавачанні.

"Калі ён прывозіць на пікеты па 20-50 чалавек і выстройвае іх у чаргу, калі не можа адказаць ні на адно нязручнае пытанне, называючы гэта правакацыяй? Дазваляе сабе абражаць людзей?" — задаецца пытаннямі Дзмітрый Варанюк. Іншыя ўдзельнікі флэшмобу пісалі больш абстрактна.

Хочаце як у Мінеапалісе?!

Генеральны дырэктар ХК "Дынама-Мінск" Дзмітрый Баскаў заяўляе, што тое, што адбываецца цяпер у краіне, яго сур'ёзна трывожыць: "Хто б што ні казаў, мы ўсе прывыклі да пэўных, можна сказаць, стандартаў — да бяспекі на вуліцах, да пачуцця абароненасці, да прадказальнасці таго, што з намі будзе заўтра".

Але цяпер, чытаючы навіны, ён разумее, што бяспека і абароненасць — кволыя канструкцыі. Баскаў прыводзіць у прыклад беспарадкі ў ЗША:

"Паглядзіце, што адбываецца ў Мінеапалісе. Я б не хацеў, каб такое адбывалася ў маёй краіне, і ўпэўнены, што ў нас гэта немагчыма, прынамсі цяпер. Хоць, калі бачыш падзеі ў ЗША, становіцца ясна, як лёгка гэта можа змяніцца, як проста нам страціць тое, што мы маем. Таму нам усім варта супакоіцца, не распальваць жарсці, не гуляць з агнём. Нам зусім не патрэбна агрэсія на вуліцах. Любыя, нават самыя вострыя супярэчнасці павінны вырашацца ў прававым полі, законнымі метадамі і дакладна не на плошчах".

І тут нешта яўна не так. Першую палову допіса Баскава можна інтэрпрэтаваць як крытыку беларускіх апазіцыянераў, але пасля згадкі Мінеапаліса тэкст раскрываецца зусім па-іншаму. Бо там беспарадкі пачаліся не пад уплывам нейкіх палітычных сіл, а пасля жорсткіх дзеянняў паліцыі! Калі хакейны бос не хоча, каб было "як у Мінеапалісе", яму варта абурацца не пікетамі Ціханоўскага, а дзеяннямі беларускіх міліцыянераў, якіх праз цывільнае адзенне, паводзіны на масавых акцыях і манеру абыходзіцца з затрыманымі часам складана адрозніць ад гопнікаў.

Незалежнасць ёсць? А калі знайду?

Кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі не можа зразумець, чаму перад выбарамі з ніадкуль з'яўляюцца людзі з палітычнымі амбіцыямі.

"Хто перашкаджаў ім, гэтым людзям, якія бударажаць сёння наша грамадства і пераварочваюць усё з ног на галаву, праяўляць сваю актыўнасць задоўга да прэзідэнцкай кампаніі, прасоўваючы ў інтарэсах краіны і нашага грамадства свае ідэі ў цывілізаванай форме?"

Выглядае на тое, што Дзевятоўскаму толькі перад выбарамі дазволілі карыстацца інтэрнэтам. Інакш бы ён ведаў, што той жа Ціханоўскі "праявіў сваю актыўнасць" задоўга да выбараў. Але пакінем гэта на сумленні кіраўніка БФЛА. Больш цікавая тут ідэя ўмацавання незалежнасці, якая ёсць і ў многіх іншых допісах удзельнікаў флэшмобу.

Выглядае на тое, што менавіта роля ўладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі ў адстойванні незалежнасці Беларусі стане лейтматывам яго электаральнай кампаніі. "Калі ты абліваеш брудам тое, што зроблена, не жадаючы разумець рэалій таго, што адбываецца, ты льеш бруд не толькі на прэзідэнта наўпрост, ты таксама льеш бруд на тых людзей, якія яго падтрымлівалі і падтрымліваюць, льеш бруд на ўсіх, хто ствараў, будаваў і ўмацоўваў краіну і яе незалежнасць", — піша Вадзім Дзевятоўскі.

"Наша краіна прайшла вялізны шлях да незалежнасці. Нельга гэта страціць. Сёння, як ніколі, мы павінны згуртавацца і стаць сапраўднай камандай", — згаджаецца з ім заслужаны трэнер Беларусі Артур Зайцаў.

Украінскі сіндром

Тэма Украіны з парадку дня таксама не здымаецца і пачынае іграць новымі фарбамі. Напрыклад, кіраўнік Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў піша, што не хацеў бы, каб у Беларусі быў створаны аналаг Украінскага рэсурсу "Міратворац", на якім пералічаны людзі, якія так ці інакш пагражаюць нацыянальнай бяспецы Украіны.

"Занепакоены спробамі арганізаваць інфармацыйнае цкаванне журналістаў і рэдакцый, якія асвятлялі правакацыю ў Гродне, напад на супрацоўнікаў міліцыі і транспартныя сродкі МУС, парушэнне грамадскага парадку і затрыманні правакатараў і экзальтаваных грамадзян, якія адбыліся пасля гэтага".

Публіцыст Павел Карназыцкі, якога летась украінскія ўлады дэпартавалі з краіны, апублікаваў ролік з нарэзкай выказванняў Ціханоўскага і кадрамі з расстрэлу Майдана ў Кіеве ў 2014 годзе. Відэа ён суправадзіў неіранічным цітрам: "Небесной сотни мало? Тихоновский хочет жертву ПЛОШЫ тысячу?"(арфаграфія аўтара захаваная).

"У мяне шмат падпісчыкаў з Украіны, падзяліцеся з беларусамі сваім асабістым досведам у каментарах, як майдан палепшыў вашае жыццё. Стаў хтосьці свабоднейшы без працы і сродкаў да існавання? Ці шмат вашых суседзяў сёння "ганарыцца" перамогай эмоцый над розумам?" — завяршае свой допіс Карназыцкі.

Брэсцкі абшчак

Раёнкі Брэсцкай вобласці вырашылі не перанапружвацца і 1 чэрвеня апублікавалі адзін і той жа тэкст з чуткамі пра Сяргея Ціханоўскага. Магічным чынам ён з'явіўся ў брэсцкай абласной газеце "Заря", бярозаўскім "Маяке", пружанскіх "Раённых буднях", "Лунінецкіх навінах" і іншых раённых газетах. Тут і "картэж з дарагіх джыпаў", на якіх нібыта перасоўваецца па Беларусі каманда Ціханоўскага, і намёкі на расійскія карані яго праекта: "Дарэчы пра фінансаванне. Мяркуючы па мностве фота Ціханоўскага з расійскімі лібераламі і шоу-зоркамі, няцяжка нават простаму абывацелю правесці адпаведныя паралелі".

"Як спяваў Уладзімір Высоцкі, "а потом про это дело раструбят на Би-би-си". У нашым выпадку не Бі-бі-сі, вядома, а раструбяць рознага роду інфармацыйныя і тэлевізійныя памыйніцы з крыклівымі загалоўкамі і напісанымі як пад капірку тэкстамі", — піша аўтар тэксту, нехта Юрый Шыманскі. Гэта гучыць вельмі самакрытычна. Ці не ваш, Юрый, тэкст "як пад капірку" толькі што "раструбілі" брэсцкія раёнкі, "як спяваў Уладзімір Высоцкі"?

Не вытрымалі народнай любові

Не ўсе гасударавы людзі, якія апублікавалі допісы, аказаліся гатовыя выкупацца ў народнай любові, што лінула ў каментары. Акрамя Марыны Ільіной, выдаліць тэкст, апублікаваны ў "Фэйсбуку", была вымушаная салістка гурта "Аура" Юлія Быкава, якая заяўляла, што ёй "балюча і страшна", і пісала: "Якое можа быць стаўленне да людзей, якія выкарыстоўваюць у сваіх палітычных мэтах моладзь?"

Галоўны рэжысёр "Мінскканцэрта" і "Славянскага базару" Аляксандр Вавілаў, які напісаў, што "размяняўшы пяты дзясятак, спадар Ціханоўскі не засвоіў простую ісціну, якая магла б мерапрыемствы па зборы подпісаў у падтрымку жонкі зрабіць больш эфектыўнымі", таксама ўсё выдаліў. Магчыма, засвоіў нейкую простую ісціну.

Старшыня мінскага грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў" Ганна Філінава заявіла, што цяперашняя ўлада падтрымлівае шматдзетныя сем'і, а вось наконт цяперашніх кандыдатаў невядома, як яны будуць ставіцца да шматдзетных, і наогул, "збіраюцца мітынгі, якія дыскрэдытуюць цяперашнюю ўладу, ладзяцца пікеты". Трэба ж, падчас выбараў пікеты ладзяцца! Допіс неўзабаве знік з публічнага доступу.

І гэта яшчэ менш за месяц прайшло з абвяшчэння даты выбараў у Беларусі. Страшна падумаць, што будзе далей.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.