Вы тут

Альтэрнатыва альтэрнатыўным: хто ёсць хто сярод "антыапазіцыйных" ютубераў

Скрыншот з роліка на канале "КРАХМАЛ"

Беларускія відэаблогеры, якія асвятляюць сацыяльныя і палітычныя праблемы, сутыкнуліся з чарговай хваляй ціску з боку ўладаў. Затрыманыя аўтар канала "Страна для жизни" Сяргей Ціханоўскі і ютуберы з "Народного репортёра" Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. А акцыі прыхільнікаў Ціханоўскага ў ягоную падтрымку ў Гомелі былі жорстка разагнаныя моцнымі хлопцамі, апранутымі ў цывільнае.

Пакуль беларускія апазіцыянеры працягваюць сумнеўнае спаборніцтва пад назвай "праймерыз" за права быць адзіным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах, "праўдарубы з "Ютуба", здаецца, сталі галоўнымі ворагамі ўлады (як мінімум унутры краіны). Аўдыторыя "Ютуба" адказвае ўзаемнасцю — апублікаванае там прапагандысцкае відэа "з тэлевізара" лёгка можа сабраць тысячу дызлайкаў.

Няўжо "Ютуб" — настолькі нелаяльная пляцоўка да беларускіх чыноўнікаў? Так, ды не так. Пець дыфірамбы ўладзе можна не толькі за грошы з дзяржаўнага бюджэту — ёсць на гэтым самым "Ютубе" і добраахвотнікі. Па колькасці праглядаў і падпісчыкаў яны не могуць цягацца з Нехтам, Маратам Мінскім і тым жа Сяргеем Ціханоўскім, але ўпарта працягваюць несці свой крыж — атрымліваць дызлайкі і абразы ў каментарах.

Хто з відэаблогераў хваліць уладу і крытыкуе апазіцыю? Еўрарадыё зрабіла падборку з тых, хто стварае на "Ютубе" альтэрнатыву альтэрнатыўным. І так, падборка выйшла невялікая.

 

     

КРАХМАЛ

Аўтар канала "КРАХМАЛ" Яўген Валодчанка, фота з сацсетак

"Гэта мой аўтарскі блог, у якім я сачу за палітычнымі, каляпалітычнымі навінамі і дзялюся з вамі сваёй думкай. Я не палітолаг і не эксперт, і я дапускаю, што магу памыляцца ў чым-небудзь. Выказваючы сваю думку, я кіруюся інфармацыяй з адкрытых крыніц і сваімі ўласнымі назіраннямі", — так апісвае свой 5-тысячны канал хлопец з Гомеля Яўген Валодчанка.

У сваіх відэа Валодчанка хваліць "Бацьку" (менавіта так ён называе Аляксандра Лукашэнку), крытыкуе "змагароў" і апазіцыйных блогераў, а таксама апявае Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі.

 

Малады чалавек два гады таму засвяціўся ў расследаванні "Нашай Нівы" пра беларускія рэгіянальныя сайты, якія фінансуюцца з Расіі. Для аднаго з такіх парталаў — "Наш Гомель" — у 2018-м Валодчанка здымаў відэаапытанні. Паводле звестак НН, блогер з'яўляецца сябрам "Румола" — арганізацыі рускіх нацыяналістаў у Беларусі.

Арцём Агафонаў

Арцём Агафонаў, фота з сацсетак

Відэаблог "Реалии с Артёмом Агафоновым" выходзіў на канале грамадскай арганізацыі "Грамадзянская згода", лідарам якой ён і з'яўляецца. Канал не абнаўляўся ўжо амаль год, але кейс Агафонава ўнікальны.

Арцём Агафонаў нарадзіўся ў 1976 годзе ў горадзе Зайсан на казахстанска-кітайскай мяжы. З 1996 года жыве ў Беларусі, у Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці. З 2005 года быў актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ўваходзіў у каманду Яраслава Раманчука. А ў 2012-м нават узначальваў Мінскую абласную арганізацыю АГП. Аднак праз два гады ён пакідае апазіцыйную партыю: "У 2014 годзе выйшаў з АГП, адмовіўшыся падтрымаць пераварот ва Украіне".

У 2017 годзе Агафонаў узначаліў "Грамадзянскую згоду", якая цяпер існуе ў якасці аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання.

“Мэтавая аўдыторыя — кансерватыўная рускамоўная большасць, якая не хоча дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і абвастрэння міжнацыянальных супярэчнасцяў. Стаўленне да ўлады — незалежнае, аднак у рэзкай канфрантацыі не зацікаўлены", — так апісвае сваю арганізацыю Агафонаў.

Былы апазіцыянер цяпер змагаецца са "свядомымі", прычым не толькі на палях інтэрнэту. Некалькі гадоў таму ён напісаў скаргу на кіроўцу бел-чырвона-белага аўтобуса, які вазіў у Слуцк ахвотных трапіць на гадавіну Слуцкага збройнага чыну.

Дастаецца ад Агафонава і ўладзе, але, хутчэй, за "падладжванне да Захаду". А вось старыя заслугі Лукашэнкі відэаблогер апявае: рэферэндум 1995-га называе гістарычнай падзеяй для беларускага народа. Менавіта тады на змену БЧБ-сцягу і "Пагоні" былі вернуты пераробленыя савецкія сцяг і герб, а руская мова стала другой дзяржаўнай.

Самае папулярнае відэа на канале "Грамадзянскай згоды" мае ўсяго 1300 праглядаў. Гэта расказ аднадумца Агафонава пра тое, як яго на вуліцы ў Мінску збілі за майку з выявай герба так званай "Данецкай Народнай Рэспублікі".

Аляксей Голікаў

Аляксей Голікаў, фота з сацсетак

На агульным фоне прыкметна вылучаецца Аляксей Голікаў з Брэста. 38-гадовы мужчына рэгулярна запісвае ролікі з крытыкай супраціўнікаў будаўніцтва завода АКБ у прыватнасці і апазіцыі ў цэлым. Ён расказвае Еўрарадыё, што з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам у сферы рэкламы, а таксама зарабляе на жыццё вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі на асабістай падсобнай гаспадарцы.

На чацвёртым дзясятку мужчына вырашыў прысвяціць сябе журналістыцы: нават паступіў на дзённае аддзяленне журфака БрДУ імя Пушкіна, але пасля перавёўся на завочку ў БДУ. Паспеў год папрацаваць у газеце "Брестский курьер" да закрыцця выдання праз банкруцтва. Відэакантэнт на канале Голікава, дзе цяпер крыху больш за тысячу падпісчыкаў, трэба прызнаць, адносна якасна зняты і змантаваны. А на інтэрв'ю да блогера ходзяць і Таццяна Караткевіч, і Андрэй Дзмітрыеў, і Сяргей Калякін, і нават блогеры з супрацьлеглага лагера — Андрэй Павук, напрыклад.

"Ідэя весці блог узнікла даўно. Яна з'яўляецца рэалізацыяй і адначасова атрыманнем досведу ў журналісцкай дзейнасці. Пляцоўка "Ютуба" з'яўляецца тым самым спосабам для рэалізацыі журналісцкай дзейнасці, дзе я магу свабодна выказваць сваю думку", — расказвае Голікаў Еўрарадыё пра свой канал, які пачаў весці амаль два гады таму.

"На парашу, Ціханоўскі, на парашу! Нары — краіна для жыцця Ціханоўскага і Пятрухіна" — менавіта так называецца адно з апошніх відэа Голікава. У ім брэсцкі блогер выказвае тую самую сваю думку наконт Сяргея Ціханоўскага, які ў мінулую нядзелю прыйшоў на традыцыйнае "кармленне галубоў" у Брэсце.

"Дзеянні актывістаў неэфектыўныя і дурныя, таму што разумная мэта — закрыццё завода — можа дасягацца толькі перамоўным шляхам. З улікам інтарэсаў абодвух бакоў, — лічыць Аляксей Голікаў. — З прычыны таго, што актывісты ніякім чынам не гатовыя ісці на перамовы, а заяўляюць радыкальнае "Не заводу", іх дзеянні носяць паўзаконны характар і расколваюць наша грамадства. Я ў любым выпадку не стаю ні на баку завода, ні на баку актывістаў, ні на баку ўлады. Я — за тое, каб сесці за стол перамоў і ўзаемных саступак".

Еўрарадыё: А ваша асабістая пазіцыя наконт завода — патрэбны ён у Брэсце ці не?

"Мая пазіцыя: завод патрэбны беларускай эканоміцы. Яго знаходжанне ў свабоднай эканамічнай зоне рэгулюецца дзейным заканадаўствам. Маё асабістае бачанне: гэты завод з пункту гледжання закона размешчаны без парушэнняў. З пункту гледжання логікі ў тым, што свінец — гэта небяспечнае рэчыва, у мяне ёсць пытанні. Але калі заканадаўства было нейкім чынам адаптаванае пад тое, каб ён размясціўся там, то мы павінны супрацьстаяць гэтаму толькі шляхам змены заканадаўства. Датычна таго, будзе ён шкодным ці не: любая вытворчасць аказвае ўздзеянне на экалогію".

Голікаў прынцыпова не закрывае каментары пад відэа на сваім канале — дае выказацца ўсім. І, як вынік, колькасць хэйту ў адносінах да аўтара там неймаверная. Як і колькасць дызлайкаў.

Аднак ІПшніку са сферы рэкламы трэба аддаць належнае ў плане чорнага піяру: дыс на Ціханоўскага паглядзелі больш за 7 тысяч разоў — цяпер гэта адно з самых папулярных відэа на канале. Выехаў на актуалачцы, так бы мовіць.

   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.