Меркель — пра мігрантаў, якія ідуць з Беларусі: Гэта атака на ўсіх нас

Канцлер Германіі Ангела Меркель пракаментавала міграцыйны крызіс на межах краін ЕС і Беларусі. 17 жніўня яна ўдзельнічала ў Берліне ў прэс-канферэнцыі разам з прэм'ер-міністрам Эстоніі Каей Калас. Меркель заявіла, што Германія асуджае дзеянні ўладаў Беларусі, якіх падазраюць у спрыянні мігрантам у пераходзе мяжы ў Літву, Латвію і Польшчу.

"Мы бачым, што людзі выкарыстоўваюцца як сродак для гібрыднага супрацьстаяння, цытуе словы Ангелы Меркель ТАСС. — Мы гэта асуджаем самым сур'ёзным чынам... Гэта атака на ўсіх нас [на Еўрасаюз], а не толькі на адну краіну [Літву]".

Германія правядзе кансультацыі з партнёрамі па ЕС для выпрацоўкі скаардынаванага адказу.

Раней Літва і Польшча заклікалі ЕС адказаць на дзеянні ўладаў Беларусі новымі санкцыямі. Як паведамляе ў аўторак Reuters, міністры ўнутраных спраў краін Еўрасаюза асудзяць Беларусь за выкарыстанне мігрантаў як палітычнай зброі. У праекце заявы пра сітуацыю гаворыцца як пра вынік агрэсіі з боку Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.