MELT! Festival: еўрапейскі шабаш у сэрцы Германіі

Фестываль у Феропалісе сабраў 20 тысяч чалавек. Прыгожыя інсталяцыі кранаў, вядомыя хэдлайнеры і вулічная еўрапейская мода - пра ўсё гэта чытайце далей. 





Калі 17 ліпеня Еўрарадыё прыехала на MELT! Festival, жыццё ў Феропалісе ўжо кіпела: кэмпінг расцягнуўся на 3 кіламетры, людзі весяліліся і танчылі. У кэмпінгу атмасфера была настолькі сяброўская ды свабодная, што здавалася, нібыта ўсе 20 тысяч маладых людзей, якія прыехалі на фестываль, даўно ведаюць адзін аднаго.

Паўтарыць атмасферу на фестывалі немагчыма, бо так вольна, як пачуваецца еўрапейская моладзь, не адчувае сябе ніхто.

Тут людзі кладуцца спаць на праезную частку, апранаюцца ў касцюмы ружовых трусаў, снедаюць у прыбіральнях. І гэта не кранаючы іх знешняга выгляду.

Што датычыцца арганізацыі, то парадку тут таксама не хапала. Калі раздзяўбацства — то ўва ўсім. У гэтым таксама сутнасць фестывалю. А вось што ўласціва для Германіі, дык гэта клопат аб экалогіі: на фестывалі не было аднаразовага посуду. Усе склянкі, талеркі здаваліся, мыліся і выкарыстоўваліся наноў. За здачу посуду наведвальнікам фестывалю давалі прэміяльныя еўра.




Cцэны знаходзіліся зусім блізка адна да другой. Вельмі часта музыка з аднаго танцпляца мяшалася з музыкай з другога. Фестываль ніколі не спаў. Была сцэна, што працавала 24 гадзіны.

Увогуле выспа Феропаліс, на якой быў арганізаваны фестываль, з’яўляецца нечым кшталту беларускіх могілак пад’ёмных кранаў. Але замест звычайных кранаў у Нямеччыне можна было пабачыць машыны неверагодных памераў і канструкцый! Наколькі ўдалося даведацца Еўрарадыё, гэтыя машыны раней выкопвалі велізарныя кар’еры.

На працягу 15 хвілінаў, калі тэхнічная каманда рыхтавала апаратуру для выступу Афекса, сам ён сядзеў на кукішках за сваёй саўнд-сістэмай і чакаў. Акурат у 1:30 Афекс падняўся, стаў за пульты і пачаў з трэкаў з альбому Selected Ambient works. Аніякіх эмоцый на твары, аніякага кантакту з аўдыторыяй.

Толькі напрыканцы выступу ён пачаў рухацца ў рытм драм-машыны. Падчас выступу Афекса пачаўся моцны дождж. І ў гэты час музыка граў такі ноіз, што, здавалася, дождж — гэта частка візуалізацыі.

Дарэчы, Афекс так  расставіў апаратуру на сцэне, што яго амаль нельга было ўбачыць і яшчэ цяжэй сфатаграфаваць. Такім чынам, існуе толькі некалькі ягоных фотаздымкаў і зараз іх, напэўна, не пабольшала.

Замест самога дыджэя на сцэне перад гледачамі стаяў экран, на якім ішоў відэашэраг з лагатыпамі і арт-работамі Афекса.

Але што да дажджу, то ён безумоўна папсаваў настрой на фестывалі, бо ўсе тры дні надвор’е было сапраўды брыдкае.

Немцы распавялі Еўрарадыё, што ў Феропалісе падчас фестывалю заўсёды такое надвор’е. Таму калі вы збіраецеся наведаць мястэчка Грэфэнхайніхен у наступным годзе, то бярыце гумовыя боты. Дарэчы, на MELT! Festival было вялікае мноства супер-стылёвых пар!

Фотаздымкі: Тося Кукс, Melt! Festival

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі