Медстрахоўка на вайне: паранены добраахвотнік расказаў аб лячэнні і рэабілітацыі

"Ніхто з блізкіх не ведае, што я паранены" / калаж Услада Рубанава, Еўрарадыё
"Ніхто з блізкіх не ведае, што я паранены" / калаж Услада Рубанава, Еўрарадыё

Беларускі добраахвотнік батальёна "Тэрор", які прадставіўся нам як Крот, быў паранены на поўдні Украіны. Ніхто з яго блізкіх пра гэта не ведае.

— Не казаў ім, што ваюю, яны думаюць, што я проста сяджу на складах. Сказаў так для іх уласнай бяспекі: усе мы ведаем, як ГУБАЗіК і чэкісты мардуюць людзей у Беларусі ні за што. Так што я берагу іх і іх нервы. Вырашыў, што раскажу пра раненне, калі ўсё скончыцца.

Крот не можа расказаць пра тое, што здарылася, блізкім, але можа расказаць журналістам Еўрарадыё. Мы распыталі пра тое, якая медыцынская дапамога належыць беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне. І якой дапамогі не хапае.
 

"Я ляжаў у невялікай лагчынцы, яна прыкрыла ад асколкаў"

Крата паранілі ў пачатку лістапада. Яго групу выкрылі. Пачалася перастрэлка.

— Мы заляглі, пачалі працаваць нашы кулямётныя разлікі. Тыя, хто наперадзе, працавалі са стралковай зброі. Нам у дапамогу быў дадзены танк, і ў адказ па нас працаваў танк і артылерыя праціўніка.

Адзін з прыходаў прыляцеў побач са мной метрах у трох. Я ляжаў у невялікай лагчынцы, гэта мяне асланіла ад асколкаў. Але адзін з асколкаў заляцеў мне ў руку.

Медстраховка на войне: раненый доброволец рассказал о лечении и реабилитации
Крот у бальніцы / фота з архіва батальёна "Тэрор"

Перад баявым выхадам медык групы пракантраляваў, каб аптэчка Крата была правільна сабраная. "Па натаўскіх стандартах. І нават трошкі лепей", кажа Крот. Трошкі лепей — гэта дадатковы турнікет, назафарынгеяльная трубка і самаклейныя бінты.

Бінт выкарысталі на месцы.

— Мы працавалі двойкамі, да мяне падпоўз мой другі нумар і аказваў дапамогу. Асколак застаўся ў целе, і мы вырашылі проста закруціць рану бінтам. Медэвак — медыцынская служба эвакуацыі — даставіла мяне ў пункт стабілізацыі параненых, ён заўсёды знаходзіцца досыць блізка ад лініі фронту. Потым быў мабільны ваенны шпіталь. А адтуль валанцёры адвезлі мяне ў звычайны вайсковы шпіталь.
 

"Размовы бытавыя, вайны ўсім і так хапае"

У палаце пра вайну не размаўляюць. Хіба што распытваюць, хто з якой часткі, у каго якая воінская спецыяльнасць. А астатнія размовы бытавыя. Крот кажа, вайны і так хапае.

— У шпіталі я правёў 2,5 тыдня. Аддзяленне, у якое мяне павінны былі пакласці, было перапоўненае, таму мяне перавялі ў іншае. Але ўмовы былі выдатныя.

Ля кожнага ложка — індывідуальная тумбачка. У палаце ёсць тэлевізар, шафа, рукамыйніца. Вышыня ложка рэгулюецца.

Медстраховка на войне: раненый доброволец рассказал о лечении и реабилитации
Ложак аднаго з байцоў УСУ у бальніцы / фота прадстаўлена добраахвотнікамі

Ды і ў цэлым такога стаўлення медыкаў, такой цеплыні і дабрыні, мне здаецца, не часта сустрэнеш у бясплатнай медыцыне. Я асабіста пераканаўся, як усе гэтыя медсёстры, ваенныя лекары цябе цэняць. Дораць большую частку сваёй дабрыні, каб ты не толькі фізічна, але і маральна быў на вышыні.

Параненым байцам належыць трохразовае харчаванне і "перакусы" ад валанцёраў.

— На абед — кашы, супы. Плюс гарбата, кампот, печыва, вафелькі, гародніна, садавіна, масла, батон. А валанцёры падвозяць ёгурты, сыры, тваражкі. Каб ты хутчэй прыйшоў у сябе.
 

“Выплаты па раненнях у нас яшчэ ніхто не атрымліваў”

У залежнасці ад характару траўмы — лёгкая, сярэдняй цяжкасці або цяжкая — вызначаецца памер выплатаў, якія належыць добраахвотнікам. Траўматолаг, які працаваў з Кратом, запісаў яго траўму як цяжкую.

— З такой траўмай, як у мяне, належаць выплаты. Прынамсі, так сказаў чалавек, які займаўся падрыхтоўкай дакументаў з нашага боку. 

Але каб атрымаць кампенсацыю, трэба сабраць дакументы, у якіх будзе апісана, што адбылося і пры якіх абставінах. На падставе гэтых дакументаў павінны выдаць даведку, у якой было б пазначана, што раненне было атрыманае "ў сувязі з абаронай Батьківщины". Мы сабралі ўсе дакументы, але я пакуль не ведаю, ці атрымаю кампенсацыю.

Прычына ў няправільна аформленых дакументах. Але ж нам ніхто і не казаў, як афармляць гэтыя дакументы.

Медстраховка на войне: раненый доброволец рассказал о лечении и реабилитации
Байцы "Тэрора" пад Херсонам / фота батальёна "Тэрор"

Байцам ВСУ у выпадку ранення належыць тры тыпы выплатаў. Па-першае, параненаму выплочваюць грашовае забеспячэнне — мінімум 350 даляраў. Дадаткова выплачваецца каля 2,7 тыс. даляраў у месяц так званых "баявых"  — адлічваць "месяцы" пачынаюць ад дня атрымання ранення да заканчэння рэабілітацыі. Акрамя таго, раз на год параненаму выдаюць "матэрыяльную дапамогу для вырашэння сацыяльна-бытавых пытанняў".

Ці атрымліваюць такія выплаты своечасова ўкраінскія байцы, Крот не ведае — кажа, што задаваць такія пытанні яму няёмка.

— Не падумайце, людзі тут не за грошы знаходзяцца, грошы адыходзяць на другі план. Але не на самы далёкі: усё ж за тыя грошы, якія мы тут атрымліваем, мы рамантуем пашкоджаны транспарт, купляем розныя рэчы для байцоў — штаны, падсумкі, і наогул тое, што палягчае выкананне розных заданняў. Так што, натуральна, страта нейкіх грошай адбіваецца на кожным байцы. Ды і ў цэлым на падраздзяленні.
 

“Прапанавалі рэабілітацыю ў Букавелі, але потым перадумалі”

— Эпапея з траўмай не скончылася. Але дадатковых сродкаў на лячэнне мне дакладна не трэба, таму што я атрымаў стоадсоткавую дапамогу ад ваенных медыкаў. Мяне яшчэ чакае доўгая рэабілітацыя, але і тут украінскія медыкі справяцца. Мне ніякіх дадатковых сродкаў, збораў не трэба. Лепш збіраць на тых, у каго больш сур'ёзная сітуацыя.

У бальніцы крата наведвалі пабрацімы. 

— У госці прыязджалі ўсе беларускія байцы, якія тады былі ў Кіеве, прычым не толькі з нашага падраздзялення. Прывозілі сок, печыва, шакалад. Каб я не сумаваў і хутчэй вяртаўся ў строй. Нашыя хлопцы, з якімі я быў на заданні, прывезлі цэлы пакет усіх неабходных рэчаў, хоць я папрасіў толькі зарадку. Камбат наогул ледзь не кожны дзень тэлефанаваў. Сачыў за тым, дзе я знаходжуся, што раблю, стараўся прыцягнуць добрых дасведчаных лекараў.

А потым добраахвотніка адправілі ў адпачынак — аднаўляцца і загойваць руку. Крату прапанавалі з'ездзіць на тыдзень на рэабілітацыю ў Букавель.

Медстраховка на войне: раненый доброволец рассказал о лечении и реабилитации

Букавель / planetofhotels

Букавель / planetofhotels

— Дык вы зараз адпачываеце?

— Ды не, цяпер я зноў на базе. Пайшоў на курсы па кіраванні дронамі..

— А што з Букавелем?

— Я ўжо пагадзіўся скарыстацца гэтай опцыяй, збіраўся ехаць пісаць рапарт на адпачынак — але ўсё адклалася. Аказалася, няма месцаў. Потым мне зноў прапанавалі паехаць у Букавель праз тыдзень. І зноў адклікалі прапанову. То ніхто не браў слухаўку, то згубіўся чалавек, які адказваў за складанне спісаў.

Я ўжо і не чакаў гэтай паездкі, занадта шмат непаразуменняў узнікала. Думаю, што гэта Полк Каліноўскага ставіць палкі нам у колы, бо гэта не адзіны прыклад.

Адным словам, я зразумеў, што ніякага Букавеля мы не даб'емся. Я і вырашыў, што сэнсу сядзець у Кіеве няма. Сабраў заплечнік і вярнуўся да хлопцаў.

Хоць так, было б выдатна, каб параненым байцам давалі магчымасць перавесці дух і адпачыць у камфортных умовах.

Еўрарадыё звярнулася па каментар у прэс-службу палка Каліноўскага:

Медстраховка на войне: раненый доброволец рассказал о лечении и реабилитации

— Па сутнасці прадастаўленне адпачынку ў Букавелі не з'яўляецца абавязковай паслугай, нам далі такую магчымасць у выключным парадку, таму што штаб Палка змог абаснаваць гэтую неабходнасць і карысць для нашых байцоў, якія вельмі станоўча сябе паказалі за час вайны. 

Колькасць месцаў, якія прадстаўлялі для нашых байцоў, вызначалася не намі і была абмежаванай, таму на кожны заезд камандзіры батальёнаў вызначалі байцоў, якім патрэбны адпачынак. Сам санаторый не з'яўляецца спецыялізаваным для медычнай рэабілітацыі параненых, таму на адпачынак накіроўваліся не толькі байцы з цяжкімі раненнямі, але ж і тыя, каму трэба было аднавіць псіхічна-эмацыйны стан, да таго ж, не ўсе параненыя маглі быць накіраваныя на адпачынак, бо іх стан у той момант патрабаваў увагі лекараў. Па дамоўленасці з санаторыям былі выпадкі, калі мы маглі накіраваць байцоў з прадстаўнікамі сям'і, каб людзі маглі правесці час разам і хоць на кароткі момант пабыць у нармальным жыцці, а не на вайне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі