Джэй Ло падала на развод з Бэнам Афлекам — #ІхНоравы

Зорная пара распалася

Зорная пара распалася / @rubanau_collage

Прыгожая і складаная гісторыя кахання галівудскай пары, якая расцягнулася амаль на два дзесяцігоддзі, раптоўна скончылася. Джэніфер Лопес сама занесла ў суд заяву на скасаванне шлюбу з Бэнам Афлекам, тым самым пацвердзіўшы чуткі, якія хадзілі некалькі месяцаў. “Бэніфер”, як называлі пару ў СМІ, канец.

Гэтым разам у навіны трапіла і Боснія і Герцагавіна, дзе ў школе здарылася страляніна. А Швецыя, што ганарыцца сваімі лясамі і прыродай, аказалася не такой беражлівай з мядзведзямі.

Пра гэта — у нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.

Джэніфер Лопес разыходзіцца з Бэнам Афлекам

Прыгожая зорная пара ўдарыла пад дых мільёнам сваіх прыхільнікаў, якія захапляліся іх гісторыяй кахання. Усё сур’ёзна: пара падала дакументы на развод у Вярхоўны суд акругі Лос-Анджэлес у другую гадавіну свайго вяселля.

Амерыканскія СМІ пішуць, што ініцыятаркай расстання стала Джэй Ло. Аказалася, у пары няма шлюбнага кантракта, і яны апошнія некалькі месяцаў спрабавалі ўрэгуляваць маёмасныя пытанні.

Яны выставілі на продаж дом, якія год таму набылі разам за 60 млн долараў. Цяпер ён прадаецца за 68 млн. Бэн ужо зрабіў унёсак на новае асобнае жыллё за 20,5 млн, пацвердзіўшы такім чынам свой намер разарваць адносіны з Джэніфер.

“Для Лопес гэта было як удар у сэрца”, — кажуць набліжаныя да зорнай пары.

Гісторыя кахання Бэна Афлека і Джэй Ло падобная да галівудскага кіно. Яны пазнаёміліся ў 2001 годзе на здымках рамантычнай камедыі “Джылі”.

Джэй Ло падала на развод з Бэнам Афлекам — #ІхНоравы
За гэтай гісторыяй кахання сачылі мільёны... / Getty Images

Праз год яны абвясцілі, што заручыліся, але за дзень да вяселля ў верасні 2003-га адмянілі ўрачыстасць праз “празмерную ўвагу сродкаў масавай інфармацыі”. Іх адносіны доўжыліся яшчэ год — Бэн і Джэніфер разарвалі іх у 2004-м.

Праз 17 гадоў і пасля няўдалых шлюбаў пара аднавіла адносіны і згуляла вяселле ў 2022 годзе. Што стала прычынай разрыву цяпер, не паведамляецца.

Страляніна ў школе ў Босніі і Герцагавіне

Трагедыя адбылася ў сярэдняй школе ў горадзе Санскі Мост. Паводле мясцовых СМІ, страляў былы супрацоўнік установы. Ён забіў сама меней трох чалавек, яшчэ некалькі атрымалі траўмы.

Мяркуецца, што страляніну адкрыў вахцёр, у якога была спрэчка з дырэктарам школы. Ён адкрыў агонь па кіраўніку, сакратару і іншых супрацоўніках, а потым спрабаваў забіць сябе.

Нападніка перавезлі ў суседні горад, каб аказаць яму медыцынскую дапамогу. Ён у цяжкім стане.

Швецыя дала дазвол на адстрэл 20% папуляцыі мядзведзяў

Шведскія чыноўнікі падпісалі ліцэнзіі на адстрэл трохі менш чым 500 бурых мядзведзяў падчас штогадовага палявання, якое днямі пачынаецца ў краіне. Калі ўсе гэтыя ліцэнзіі будуць выкарыстаныя паляўнічымі, то ў Швецыі застанецца каля 2000 мядзведзяў. І гэта на 40% менш, чым было 16 гадоў таму.

Абаронцы прыроды выступаюць супраць, бо папуляцыя гэтых драпежнікаў у Еўропе скарачаецца.

"Гэта чыстае трафейнае паляванне. Кіраванне дзікай прыродай у Швецыі заключаецца ў забойстве жывёл замест таго, каб захоўваць іх у меру нашых магчымасцяў", — абураецца Магнус Арэбрант, старшыня Шведскай асацыяцыі драпежнікаў, піша The Guardian.

Бурыя мядзведзі былі знішчаныя амаль да поўнага вымірання ў Швецыі ў 1920-х гадах. Папуляцыя аднавілася, яе пік прыпаў на 2008 год — 330 асобін.

Цяпер дзяржава лічыць, што мядзведзі перашкаджаюць сельскай гаспадарцы, таму іх дазволена адстрэльваць. Як і рысяў і ваўкоў.

Калі ў наступным годзе ў Швецыі паляванне на мядзведзяў працягнецца ў такім жа тэмпе, то ад крытычнай колькасці жывёл да пагрозы іх знікнення застанецца толькі адно штогадовае паляванне.

Шведскія навукоўцы лічаць жыццяздольнай папуляцыю, якая налічвае мінімум 1400 асобін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі