Меддаведку для паступлення абітурыентам могуць выдаць без агляду

Меддаведку для паступлення абітурыентам могуць выдаць без агляду

Абітурыенты змогуць меддаведку для паступлення атрымаць дыстанцыйна. Пра гэта паведаміла намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення медыцынскай экспертызы Міністэрства аховы здароўя Ірына Кірэева.

Даведку будуць выдаваць не па выніках непасрэднага агляду пацыента, а па выніках дыспансернага назірання і агляду ўсіх лекараў-спецыялістаў за апошнія 12 месяцаў. 

"Безумоўна, пры дастатковасці звестак, медыцынскіх дакументаў для прыняцця рашэння. Гэта датычыцца такіх відаў даведак, як меддаведка пра стан здароўя абітурыента пры паступленні, даведка аб патрэбе ў санаторна-курортным лячэнні, для дзяцей на аздараўленне, для прыёму ў дзіцячыя дашкольныя ўстановы, у школу, для атрымання дадатковай адукацыі, для спартыўных секцый, заняткаў харэаграфіяй, для ўсынаўлення, для прыёму ў інтэрнатную ўстанову. Таксама медыцынскія даведкі для працуючых грамадзян, якія занятыя ў шкодных і небяспечных умовах працы альбо для тых відаў работ, дзе патрэбны прафесійны адбор", — перадае БЕЛТА словы Кірэевай.

Такое новаўвядзенне яна патлумачыла эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне: неабходна зменшыць колькасць людзей, якія ходзяць у паліклінікі. 

Медустановы атрымалі парва самі вырашаць, як аддаць людзям такія даведкі. "Іх можна будзе замовіць праз тэлефон, праз інтэрнэт. Магчыма, камусьці будзе зручна падысці ў рэгістратуру і замовіць даведку. У кожнай установе гэтае пытанне вырашаюць на месцы", — дадала спецыялістка.

Напярэдадні стала вядома, што школьнікі, хворыя на каранавірус, вызваляюцца ад здачы выпускных іспытаў да выздараўлення. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі