Вы тут

Мечыслаў Грыб трапіў у бальніцу з пнеўманіяй

Мечыслаў Грыб / Еўрарадыё​

Мечыслаў Грыб, які ўзначальваў беларускі парламент у сярэдзіне 90-х, трапіў у бальніцу з запаленнем лёгкіх, піша "Народная Воля". У яго выявілі каранавірус.

Грыбу 83 гады. Ён расказаў, што захварэў праз тры тыдні пасля вяртання з санаторыя на Нарачы. Пры гэтым ён сумняваецца, што прывёз хваробу адтуль.

"Мабыць, у горадзе дзесьці падхапіў. У ліфт зайшоў — і калі ласка, ты ж не ведаеш, хто там да цябе ехаў, кашляў ці не", — гаворыць Мечыслаў Іванавіч. Ён лічыць, што няма сэнсу гадаць, "дзе схапіў вірус, трэба прыняць хваробу як дадзенасць і лячыцца".

У кіслароднай падтрымцы ён не мае патрэбы, хоць пашкоджаныя 50% лёгкіх. З сімптомаў былі моцная слабасць і тэмпература.

"Двое сутак наогул такі стан быў, як у тумане, амаль нічога не цяміў", — расказаў Мечыслаў Іванавіч.

Цяпер тэмпературы ўжо няма. Грыб таксама адзначыў, што быў прышчэплены і ўжо нават рэвакцынаваўся ў лістападзе.  

Заадно журналіст выдання спытаў у Грыба, што ён думае пра цяперашнюю сітуацыю і ініцыятывы ўлады. Грыб быў старшынёй Вярхоўнага Савета XIII склікання. Яго подпіс стаіць пад першай Канстытуцыяй незалежнай Беларусі. На яго думку, новы асноўны закон краіне не патрэбны.

"Я лічу, што нам не патрэбная новая Канстытуцыя, а Канстытуцыя ў рэдакцыі 1994 года. На маю думку, сёння гэта адзіная легітымная Канстытуцыя. Калі мы ў нелегітымную Канстытуцыю ўнясём змены і дапаўненні на рэферэндуме, хіба яна стане легітымнай?" — адзначыў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.