Вы тут

МАЗ адпраўляе ў вымушаны адпачынак каля 30% работнікаў

Мінскі аўтамабільны завод / Reuters

Мінскі аўтазавод (МАЗ) адпраўляе частку работнікаў у вымушаны адпачынак, піша TUT.by. Прадпрыемства ўводзіць цэлазменны прастоі ў лютым (7-га і 21-га) і ў сакавіку (9-га і 20-га). Гэтыя прастоі закрануць каля 30% работнікаў. 

Аднак работнікі заводаў асноўнай вытворчасці будуць працаваць.

Намесніца гендырэктара ААТ "МАЗ" — дырэктар па кадрах, сацпытаннях і ідэалагічнай рабоце Зоя Таран у каментары журналістам удакладніла, што працаваць будуць усе вытворчасці, усе заводы і ўсе асноўныя рабочыя. Усе структурныя падраздзяленні заводакіраўніцтва будуць працаваць, але меншай колькасцю. Прастоі, па яе словах, закрануць "некаторыя структурныя падраздзяленні, у тым ліку з заводакіраўніцтва, кіраўнікоў, спецыялістаў і служачых, у якіх праца ў поўным аб'ёме не праглядаецца".

Работнікі, якіх адправяць у вымушаны адпачынак, будуць атрымліваць не менш за 2/3 тарыфнай стаўкі. 

Неабходнасць прастояў Зоя Таран звязала з эфектыўнасцю вытворчасці: "Па аб'ёмах вытворчасці прынята рашэнне, што можна такім чынам не прыцягваць ўсіх работнікаў да працы. Асноўная вытворчасць працуе ўся. Канвеер, аўтобусны завод, механазборачных завод — усе заводы працуюць у поўным аб'ёме, 100%. Акрамя таго, па меры неабходнасці іх запрашаюць на працу і ў суботу".

Раней стала вядома, што бабруйская "Белшына" таксама адпраўляе сваіх рабочых у вымушаны адпачынак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.