Майстар-клас у Траўта ўзялі толькі 6 беларускіх банкаў

На майстар-класе сусветна вядомага маркетолага Джэка Траўта прадстаўнікі беларускага бізнэсу маглі абмеркаваць з гуру бізнэс-стратэгіі становішча сваіх кампаніяў на рынку. Але засаромеліся скарыстацца цудоўнай мажлівасцю напоўніцу

Беларускае рэйтынгавае агенцтва "Сёмы сантыметр" каля паўгода вяло перамовы з Джэкам Траўтам пра яго прыезд у Мінск. Ягоным візітам скарысталіся арганізатары з іншых краін рэгіёну, запрасіўшы маркетолага, сярод іншага, у Маскву ды Алматы.

Вядучы партнёр рэйтынгавага агенцтва "Сёмы сантыметр" Яўген Буры вынікі майстар-класу ацаніў станоўча. Каля 110-120 кампаній прыслалі на семінар сваіх прадстаўнікоў.

Яўген Буры: "Учора ў нас сабралася "краса" беларускага бізнэса, шмат хто ў бізнэсе па 15, 30 гадоў. І было прыемна, што каля 50% — былі топ-мэнэджэры, то бок дырэктары даволі вялікіх вядомых прадпрыемстваў. Але калі казаць у цэлым, то было толькі 6 банкаў. Гэта вельмі кепска. І нават 50% дырэктараў — гэта ўсё роўна мала для такога мерапрыемства. Бо Траўт — у першую чаргу, гэта стратэг. Гэта хутчэй выдаўцы запазіцыянавалі яго як маркетолага".

Дарэчы, амаль ніхто з супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў на семінар Траўта не прыйшоў. Затое майстар-клас наведалі прадстаўнікі шэрагу вядомых беларускіх кампаній і прадстаўніцтваў замежных фірм у Беларусі. Сярод іх Pfizer, “Атра-Вайсрусланд”, “Вэлком”, МТС. Разам з тым, мерапрыемства збольшага праігнаравалі рэкламісты. На думку Яўгена Бурага, на майстар-клас сабраліся найлепшыя ў Беларусі кампаніі. Разам з тым арганізатары былі непрыемна ўражаныя безыніцыятыўнасцю кампаній.

Яўген Буры: “Мы былі ўзрушаныя і збянтэжаныя паводзінамі беларукіх кампаній, калі ім прапанавалі свой кэйс перадаць для аналіза самому Джэку Траўту. Мы тэлефанавалі ўсім вялікім вядомым беларускім кампаніям, якія найбольш засвечаныя ў рэкламе, якія праяўляюць пэўную PR-актыўнасць. Мы прапанавалі ім прадставіць свае кэйсы на ацэнку легендарнаму Джэку Траўту, каб ён даў сваю параду. І яны гэтага засаромеліся! Ім аказалася няма што паказаць. Відаць, стала сорамна за штосьці. Напраўду ж, сорамна было не спытаць, маючы такую мажлівасць. Нажаль, нажаль — мажлівасць была ўнікальная. Яе ўпусцілі ўсе, проста ўсе (уздыхае)”.

Як кажа суразмоўца Еўрарадыё, прычына такой боязі — у беларускай ментальнасці. Праўда, на думку Яўгена Бурага, кампаніі паспелі пашкадаваць, што не прадставілі майстру свой кейс. Другой такой магчымасці можа не быць.


Фота — http://www.easy-strategy.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі