Massive Attack амаль скончылі працаваць над альбомам

Славутыя брыстольскія электроншчыкі Massive Attack амаль скончылі працаваць над новым альбомам. Тым не менш, лідэр калектыву Роберт Дэль Наджа пакуль не гатовы назваць дату выхаду паслядоўніка «100th Window» 2003 года.

Па словах музыкі, Massive Attack не жадаюць спяшацца і заганяць сябе ў рамкі дэдлайнаў, каб мець магчымасць дбайна папрацаваць над дэталямі і выдаць лепшы альбом.

Паведамляецца, што ў трэк-ліст будучага дыска трапяць некалькі кампазіцый, запісаных з удзелам франтмэна Blur Дэймана Албарна, акрамя таго, да запісу альбома былі прыцягнутыя Тундэ Адэбімпэ з гурта TV On The Radio і былая салістка Mazzy Star Хоўп Сандовал.

Не абышлося і без даўніх паплечнікаў Massive Attack. Над дыскам таксама працавалі вакалістка Cocteau Twins Ліз Фрэйзер, некалькі песень якой прысутнічалі на альбоме «Mezzanine» (1997), і Хорэс Эндзі, чый голас гучыць практычна на кожным альбоме знакамітых брыстольцаў.

Папярэдняй датай выхаду новага дыска Massive Attack называюць студзень 2009 года.

Фота: muzyka.gery.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі