Марына Адамовіч напісала ліст кіраўніцтву Ізраіля

Марына Адамовіч разам з сем’ямі іншых беларускіх палітвязняў спрабуе высветліць, ці былі заявы Іосіфа Шагала адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Ізраілю, перадае Радыё Рацыя. Пры гэтым амбасадар прадставіў свае словы як афіцыйную пазіцыю дзяржавы Ізраіль. Вось гэта і спрабуе высветліць Марына Адамовіч разам з сем’ямі беларускіх палітычных зняволеных, пакрыўджаных гэтымі словамі.





“Рэагаваць на яго словы я б ніякім чынам не стала, але ён спаслаўся на тое, што выказваў афіцыйную пазіцыю дзяржавы Ізраіль. На гэта нельга было не адрэагаваць, бо гэта сапраўды светапоглядныя рэчы, і для мяне вельмі прынцыповыя, таму я напісала адкрыты ліст да кіраўнікоў гэтай дзяржавы і скіравала яго ў газету асацыяцыі рускамоўных журналістаў Ізраіля”, — сказала Марына Адамовіч.





Таксама паведамленне было скіраванае да прэм’ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху з заклікам патлумачыць пазіцыю Ізраіля ў пытанні беларускіх палітвязняў. У лісце Марына Адамовіч адзначае, што яе муж Мікалай Статкевіч быў збіты і арыштаваны ў статусе кандыдата ў прэзідэнты. Amnesty International і міжнародная супольнасць прызналі яго вязнем сумлення, таму Марына Адамовіч звяртаецца з пытаннем: ці адлюстроўваюць словы Іосіфа Шагала афіцыйную пазіцыю Ізраіля?