Максім Мірны і Эндзі Рам вышлі ў паўфінал выніковага турніру ў Лондане

Максім Мірны (13-е месца ў сусветным парным рэйтынгу) і Эндзі Рам (10-е) вышлі ў паўфінал выніковага турніру ў Лондане. 27 лістапада ў трэцім матчы групавых спаборніцтваў "пасеяная" пад сёмым нумарам беларуска-ізраільская пара з лікам 7:6 (7:1), 6:4 выйграла ў чэха Лукаша Длоўгага (6) і індыйца Леандэра Паеса (8), якія мелі чацвёрты нумар "пасеву", паведамляе БелаПАН.

У першым сэце Мірны і Рам вялі 5:2, але дазволілі супернікам зраўняць лік. У 11-м гейме беларус і ізраільцянін саступалі на сваёй падачы 0:40, аднак здолелі ўзяць ачко. Затым яны мелі сэт-пойнт, але не скарысталіся ім, і лёс сэта вырашыўся на тай-брэйку.

У другім сэце першыя чатырыыгейма тэнісісты выйгравалі на сваіх падачах — 2:2, а ў наступных пяці рабілі брэйкі. У выніку Мірны і Рам вышлі наперад 5:4, пасля чаго змаглі ўзяць свой гейм. Перамогу дуэту прынёс эйс Мірнага.

Статыстыка матчу: эйсы — 9:3 у карысць пары Мірны/Рам, падвойныя памылкі — 2:1, брэйк-пойнты — 4/10:3/7, адсотак выйгрышу першай падачы — 73:53, другой падачы — 44:47.

23 лістапада Мірны і Рам выйгралі ў братоў Браянаў — 6:4, 6:4, а 25-го саступілі Кубату і Мараху — 6:4, 4:6, 14:16 (тай-брэйк).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі