Макей: У нас, краін Усходняга партнёрства, агульная еўрапейская будучыня

Вось поўны тэкст выступу Уладзіміра Макея на пленарным паседжанні саміту Усходняга партнёрства ў Вільні 29 лістапада.





“Ваша мосць, спадарства,



Дазвольце мне, найперш, падзякаваць Прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі Яе Мосць спадарыні Далі Грыбаўскайтэ за цёплую гасціннасць тут, у Вільні — у месцы, якое мае вельмі сімвалічнае значэнне для нашай агульнай гісторыі.





З задавальненнем адзначаю, што намі зроблены відавочны крок наперад у параўнанні з папярэднім Самітам. Прынамсі, сёння мы сабраліся ўсе разам. Гэта не нейкая дробязь, гэта — важнае агульнае дасягненне. Саміт зламанага шэлегу не варты, калі ён не ўвасабляе самой роўнасць, адзінства і салідарнасць паміж намі. Усё “Усходняе партнёрства” зламанага шэлегу не вартае, калі яно не з’яўляецца насамрэч інклюзіўным праектам.





Нягледзячы на прагрэс, які мы бачым сёння, “Усходняе партнёрства” яшчэ рана назваць паспяховым, і яно сутыкаецца з шэрагам сур’ёзных выклікаў. Я мяркую, што праблема звязаная з трыма “фальшывымі выбарамі”, якія тым ці іншым чынам нам навязваюцца.





Фальшывы выбар №1: “Свой шлях развіцця або мадэль ЕС”. Сэнс “Усходняга партнёрства” заключаецца, найперш, у збліжэнні краін-партнёраў з Еўрасаюзам і ў аказанні ім дапамогі з боку ЕС у правядзенні праграм рэфармавання. У партнёраў, аднак, не павінна стварацца ўражання, што калі яны нешта робяць на свой лад, гэта апрыёры няправільна





Мы, краіна-партнёры, раздзяляем агульныя каштоўнасці, у нас агульная еўрапейская будучыня (больш-менш амбіцыйная). Але пры гэтым у кожнага з нас спадчына, гісторыя і прыярытэты свае, індывідуальныя. Мы нацэленыя на правядзенне мадэрнізацыі і рэформаў. Але не дзеля Еўрасаюза, а, найперш, дзеля саміх сябе. Не важна, з Еўрасаюзам або без яго, мы іх ажыццявім. Так, мы часам робім памылкі. І ЕС можа нам дапамагаць і спрыяць. Але дапамагаць, а не караць.





У сувязі з гэтым мы разлічваем, што палітыка санкцыяў і абмежаванняў, якая праводзіцца Еўрасаюзам у дачыненні Беларусі, якая ў сваёй аснове супярэчыць самому духу “Усходняга партнёрства”, будзе адмененай раз і назаўсёды.





Беларусь як незалежная і суверэнная дзяржава існуе толькі дваццаць гадоў. Выходзячы з гістарычнага ценю вялікіх суседзяў, беларуская нацыя ўсё яшчэ працягвае адладжваць сваю ідэнтычнасць. На гэта патрэбны час і гэта нельга навязаць або штучна паскорыць.





Такім чынам, “Усходняму партнёрству” варта было б засяродзіцца на прыцягненні, умацаванні даверу, дасягненні разумення спецыфікі сітуацыі, у якой цяпер знаходзіцца кожны з партнёраў. Дыферэнцыяцыя і абумоўленасць могуць рэгуляваць ступень збліжэння. Але яныне могуць падрываць асноўных прынцыпаў “сумеснага вядзення” і “недыскрымінацыі.





Фальшывы выбар №2: “Бяры або сыходзь”. “Усходняе партнёрства” — не створаны раз і назаўсёды набор інструментаў.





Развіццё адносінаў з Едрасаюзам і збліжэнне з ім могуць прымаць самыя розныя формы. Ключ да поспеху “Усходняга партнёрства” ляжыць у выяўленні індывідуальных падыходаў да кожнай з шасці камбінацыяў сумесных інтарэсаў ЕС і інтарэсаў асобных краін-партнёраў. Калі гэтага зрабіць не атрымаецца — дакладней, калі нам гэтага зрабіць не атрымаецца, — “Усходняепартнёрства” застанецца “кульгавай качкай”: наборам інструментаў для далучэння да ЕС без гарантыяў перспектывы і перспектывай супрацоўніцтва без набору неабходных інструментаў.



Мы раней уносілі шэраг прапановаў, каб не давялося сутыкацца з гэтым фальшывым выбарам. Я спадзяюся, што вы добра пра іх ведаеце.





Фальшывы выбар №3: “Усход або Захад”. Не павінна быць месца геапалітычнаму суперніцтву ў нашым рэгіёне, які з’яўляецца і заўсёды з’яўляўся перакрыжаваннем розных інтэграцыйных праектаў, а не сферай нечых прывілеяваных інтарэсаў.





Падзеі апошніх дзён і рэзкая рыторыка ў нашым рэгіёне вяртаюць нас да эпохі халоднай вайны. Мы супраць любога ціску на суверэнныя дзяржавы, якімі б ні былі яго крыніцы і матывы. Але мы таксама супраць новых дэмаркацыйных ліній у Еўропе.





У партнёраў не павінна ўзнікаць фальшывага ўражання, што за магчымасць знаходзіцца тут, у складзе “Усходняга партнёрства”, яны павінны ахвяраваць сваімі стратэгічнымі інтарэсамі на іншых кірунках. Еўрасаюзу ж не варта ўспрымаць гэтыя інтарэсы як перашкоду, а пагатоў пагрозу для дасягнення мэтаў “Усходняга партнёрства”.





Выступаючы ў якасці моста паміж Мытным саюзам / Адзінай эканамічнай прасторай і Еўрапейскім саюзам, Беларусь разглядае гэтыя два інтэграцыйныя працэсы як узаемадапаўняльныя і, у доўгатэрміновай перспектыве, канвергентныя. Мы вылучылі і працягваем вы адстойваць ідэю “інтэграцыі інтэграцый” з мэтай стварэння агульнай эканамічнай прасторы “ад Лісабону да Уладзівастоку”. Мы перакананыя, што гэта — адзіная магчымасць пазбегнуць новыя падзелаў і напружанасці ў Еўропе і ў рэгіёне.





Апошні, але не менш важны момант. Каб “Усходняе партнёрства” стала рэальным праектам, які прыносіць канкрэтныя вынікі, мы павінны зрабіць яго больш заўважным, больш прывабным, больш унікальным у сэнсе забеспячэння магчымасцяў і механізмаў падвышэння ўзроўню дабрабыту людзей. У выніку менавіта нашы грамадзяне (усе грамадзяне, а не жменька абраных) павінны ў першую чаргу атрымаць перавагі ад паспяховай рэалізацыі праекту “Усходняе партнёрства”. Дык давайце ж аб’яднаем нашыя намаганні, каб жыхары нашых краін былі ўпэўненыя, што гэту ініцыятыву варта далей развіваць.





Дарэчы, адметна, што, згодна з некаторымі даследаваннямі, праведзенымі Еўрасаюзам, беларусы пачуваюцца еўрапейцамі значна болей, чым грамадзяне іншых краін “Усходняга партнёрства”.





У заключэнні хацеў бы пацвердзіць шчырую зацікаўленасць Беларусі ў развіцці адкрытага дыялогу, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і сапраўднага партнёрства з Еўрапейскім саюзам. Беларусь гатовая да пачатку перамоваў з ЕС па заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі, бо гэта важна для нашых грамадзян. Мы поўныя надзеяў, што “Усходняе партнёрства” будзе спрыяць прагрэсу ў гэтым сэнсе, а цяперашні Саміт адкрые новы пазітыўны раздзел у нашых адносінах з Еўрасаюзам.





Мы нацэленыя на сумесную працу ў імя пераменаў да лепшага. Але, як аднойчы адзначыў Прэзідэнт ЗША Барак Абама ў сваёй кнізе, гэта павінны быць “перамены, у якія мы можам верыць”.





Вялікі дзякуй.