Вы тут

Макей распавёў, чым Беларусь адкажа на магчымыя эканамічныя санкцыі ЕС

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

У афіцыйнага Мінска "ёсць дастатковы набор сродкаў, які дазволіць адэкватна адрэагаваць на магчымыя эканамічныя рэстрыктыўных меры ў дачыненні да Беларусі", заявіў міністр замежных спраў краіны Ўладзімір Макей у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню. Стэнаграму размовы публікуе МЗС.

"Гэта і мэтазгоднасць і перспектывы нашага супрацоўніцтва з Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскім саюзам па пытаннях атамнай энергетыкі, па агульнай барацьбе з нелегальнай іміграцыяй, з трансгранічнай злачыннасцю, з кантрабандай наркотыкаў і гэтак далей", — сказаў Макей.

Акрамя таго, можа быць скарэктавана праца над дакументам аб супрацоўніцтве ў мытнай сферы, дзе, паводле яго слоў, "маецца таксама шэраг значных пытанняў". Перагледжаны могуць быць і праграмы ў гуманітарнай сферы.

Макей таксама распавёў, чым вырашана адказаць на пашырэнне санкцыйных спісаў ЕС, куды патрапілі беларускія чыноўнікі, адказныя за фальтсіфікацыю выбараў і гвалт. Беларусь фармуе зваротны спіс, куды, па словах Макея, "будуць уключаны прадстаўнікі кіраўніцтва Еўрапейскага саюза, кіраўніцтва шэрагу еўрапейскіх дзяржаў".

Ён таксама нагадаў пра рашэнне Мінска прыпыніць працу каардынацыйнай групы "Беларусь-ЕС" і знізіць ўзровень удзелу ў праграме "Усходняе партнёрства".

19 лістапада кіраўнікі МЗС краін ЕС дамовіліся аб трэцім пакеце санкцый па Беларусі. Як мяркуецца, ён будзе гатовы да канца лістапада — пачатку снежня. Вядома, што ў гэты раз пад санкцыі патрапяць не толькі фізічныя, але і юрыдычныя асобы.

Раней у пачатку кастрычніка ЕС зацвердзіў "чорны спіс" з 40 беларускіх сілавікоў і членаў ЦВК. Ім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, а іх актывы пры выяўленні будуць замарожаны. 6 лістапада Еўрасаюз пашырыў гэты спіс — дадаў туды Аляксандра Лукашэнку, яго сына Віктара, прэс-сакратара Наталлю Эйсмант і яшчэ 12 чалавек з вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.

Аб спыненні супрацоўніцтва з дзяржсектарам Беларусі заявілі таксама Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.