Вы тут

Макей паведаміў аб праблемах у перамовах з ЕС па рэадмісіі і візах

Уладзімір Макей. Фота: БЕЛТА

У перамовах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам па рэадмісіі і спрашчэнні візавых фармальнасцяў пастаянна ўзнікаюць нейкія новыя моманты. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, інфармуе БЕЛТА.

Чыноўнік патлумачыў, што з новымі ініцыятывамі пастаянна выступае еўрапейскі бок. "Я ўжо казаў калісьці, што ўвесь час узнікаюць нейкія новыя моманты, звязаныя з ініцыятывамі нашых еўрапейскіх партнёраў. Нават не ўсіх, а асобных краін з членаў Еўрапейскага саюза. Яны ўвесь час прапануюць нейкія рэчы, накіраваныя на пэўнае змяненне і нават узмацненне жорсткасці першапачатковых варыянтаў гэтых пагадненняў, што для нас не зусім прымальна".  Макей выказаў надзею, што ўдасца знайсці прымальны для Мінска і Бруселя варыянт.

Кіраўнік беларускай дыпламатыі дадаў, што гэта ж датычыць і праекта прыярытэтаў партнёрства паміж Беларуссю і ЕС.