Магілёўскі паэт судзіцца з рокерамі за паклёп у інтэрнэце

Паэт Дзмітрый Дзмітрыеў звярнуўся ў міліцыю. Ён лічыць, што ў дачыненні да яго адбыўся "акт вандалізму". Міліцыя распачала крымінальную справу. Вядзецца праверка. Абразлівыя калажы с фотавыявай Дзмітрыева з’явіліся на сайце “Цэнтра жывока року”. Гэта неафіцыйнае аб'яднанне магілёўскіх рок-музыкаў. Рокеры кажуць, што змешчаныя калажы – адказ ананіму пад нікам “Аццкі зайчык”. Ананім змясціў у сеціве старонку-пародыю на сайт “Цэнтра жывога року”, дзе вершавана высмейваў актывістаў магілёўскай суполкі. Рокеры ўпэўненыя: “Аццкі зайчык” і Дзмітрый Дзмітрыеў адна і тая ж асоба. Дзмітрыеў не згодны, таму і вырашыў адстойваць сваю годнасць у судзе. Але каб справа трапіла ў суд, неабходна міліцэйская праверка.

Следчы Максім Валасевіч пацвердзіў Еўрапейскаму радыё, што Дзмітрыеў звярнуўся у міліцыю, але ад далейшых каментароў адмовіўся:

Валасевіч: Я адмаўляюся адказваць.

Мы звярнуліся непасрэдна да самога Дзмітрыева і да Віталя Шума, аднаго з заснавальнікаў "Цэнтра жывога року". Віталь Шум лічыць, што калажы не з'яўляюцца паклёпам, але па просьбе следчых зняў артыкулы з сайту.

Віталь Шум: Матэрыял не быў абразлівым. Паклёпа там ніякага не было. Нічога. Па-першае, няма артыкула ў інтэрнэце, гэтага артыкула ўжо няма, таму што я прыбраў яго па просьбе следчых.

Шум лічыць ўсё, што цяпер адбываецца, глупствам, ён ніяк не чакаў, што гэтай справай пачне займацца міліцыя

Віталь Шум: Дурней за тое, што адбываецца, цяжка было ўявіць. Я да гэтай пары, проста, у лёгкім стопары, што такое адбываецца.

Дзмітрыеў кажа, што адбыўся акт вандалізму ў дачыненні да яго. Але не ведае, ці зможа следства гэта даказаць.

Дзмітрый Дзмітрыеў: Так адбылося, што "акт вандалізму" ў дачыненні да мяне адбыўся. Як я лічу. (Смяецца.) Але як палічыць следства і ці знойдзе яно вінаватых... Я ведаю гэтых людзей, але ці зможа следства даказаць юрыдычна, што менавіта гэтыя людзі з'яўляюцца вінаватымі - тут складана.

Калі усё ж міліцэйская праверка пакажа, што Віталь Шум і яго сябры па суполцы “Цэнтр жывога року” насамрэч абразілі сваімі калажамі годнасць Дзмітрыева, то справа пяройдзе ў суд.

Пакуль невядома наколькі зацягнецца праверка. Тым часам, рокеры не будуць шукаць “Аццкага зайчыка” і падаваць на яго ў суд за абразу.

Фота Дзмітрыя Кузьміна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі