Магілёўская "Вяснянка" знізіла кошты ў два разы, каб распрадаць запасы

Магілёўская швачная кампанія "Вяснянка" знізіла кошты на сваю прадукцыю ўдвая, каб распрадаць запасы. На сёння яе складскія запасы складаюць каля 7 мільярдаў рублёў (амаль паўмільёна долараў).

На вытворчасці вырашылі прадаваць вопратку са зніжкамі ў 20% і 50%. Акрамя таго, на гэтым тыдні "Вяснянка" пачала акцыю па продажы тавару на тэрыторыі магілёўскіх прадпрыемстваў. У дзень плануецца наведваць па тры прадпрыемствы — па аўторках і чацвяргах. Галоўная ўмова — больш за палову супрацоўнікаў установы павінны складаць жанчыны.

У фірмовай краме "Вяснянка" паведамілі, што зніжка ў 20% даецца на рэчы з бавоўны, 50% — на ўсё астатняе. Работнік крамы распавёў, што плынь пакупнікоў сапраўды павялічылася, аднак наколькі паспяхова ідзе продаж на прадпрыемствах, ён не паведаміў.

Праблемы з нераспрададзеным асартыментам не адзіныя на прадпрыемстве. Паводле спісу вакансій на афіцыйным сайце фірмы патрабуецца адразу 70 швачак.

Ёсць на прадпрыемстве і праблемы з расійскімі партнёрамі. У красавіку 2015 года эканамічны суд Магілёўскай вобласці падаў пазоў да екацярынбургскай кампаніі "Модный дом Стиллини", якая завінавацілася "Вяснянцы" 1,6 мільёна расійскіх рублёў (каля 30 тысяч долараў).

З-за праблем у швачнай вытворчасці сёлета вясной магілёўскія ўлады прапанавалі "Вяснянцы" зрабіць рэарганізацыю і далучыцца да больш паспяховага ААТ "Магатэкс". Гэтае пытанне пакуль прапрацоўваецца акцыянерамі і юрыстамі дзвюх фірмаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі