Вы тут

Маці адваката Лаеўскага не змагла аднавіцца на працы ў БДУ праз суд

Алена Лаеўская / greenbelarus.info

Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Лаеўская прайграла суд па незаконным звальненні. Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Іна Ялавая не задаволіла яе пазоў да ВНУ, адкуль Лаеўскую звольнілі ў красавіку.

Выкладчыцу звольнілі па заканчэнні кантракту, хаця да пенсійнага ўзросту ёй заставалася менш за год. Лаеўская патрабавала аднавіць яе на працы. 

Сын Лаеўскай Дзмітрый — адвакат Віктара Бабарыкі. Ён лічыць, што звальненне маці і судовая адмова мелі палітычны характар. Ён нагадаў, што паводле заканадаўства наймальнік абавязаны заключыць новы кантракт з работнікам перадпенсійнага ўзросту на тэрмін не менш чым да дасягнення агульнапенсійнага ўзросту. "Гэта абавязак наймальніка, і ён прадугледжаны пунктам 3 часткі 3 артыкула 261-5 Працоўнага кодэкса і калектыўнай дамовай БДУ. Нормаў, якія адмяняюць гэты абавязак наймальніка, няма. Гэта бясспрэчная і безумоўная гарантыя для работнікаў перадпенсійнага ўзросту", — падкрэсліў Дзмітрый Лаеўскі ў каментары агенцтву БелаПАН.

Звальненне маці з працы ён звязвае са сваёй прафесійнай дзейнасцю: "З тым, што абараняю Віктара Бабарыку і Максіма Знака, што прадстаўляў у судзе Аляксандра Пыльчанку ды іншых. Таксама не магу не звязаць гэта рашэнне са шматлікімі скаргамі, якія я раней падаваў у пракуратуру Маскоўскага раёна ды іншыя органы ў межах сваёй прафесійнай дзейнасці".

Рашэнне раённага суда ён плануе абскарджваць, бо яно пагражае правам вялікай колькасці выкладчыкаў ВНУ перадпенсійнага ўзросту. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.