Вы тут

"Маці 328" пікетуюць Палату прадстаўнікоў

Фота: Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

Актывісткі руху "Маці 328" сабраліся ў Мінску на Плошчы Незалежнасці. Яны збіраюцца пікетаваць Палату прадстаўнікоў на знак пратэсту супраць таго, што дэпутаты адклалі разгляд артыкула 328 Крымінальнага кодэксу. 

Як паведамляла Еўрарадыё, змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства дэпутаты мусілі разглядаць 19 снежня. Законапраект быў раней ужо прыняты ў першым чытанні. Аднак разгляд гэтага пытання быў адкладзены на веснавую сесію парламента, бо, па словах дэпутатаў, узнікла шмат непаразуменняў з дзяржаўнымі органамі. Якія менавіта органы меліся на ўвазе, дэпутаты не паведамілі. 

Актывісткі патрабуюць, каб дэпутаты працягнулі сесію і разгледзелі змены ў заканадаўства яшчэ на восеньскай сесіі, а не адкладалі на паўгода. Між тым, сёння апошні дзень восеньскай сесіі Палаты дэпутатаў.

Маці: "Мы будзем прасіць працягнуць сесію і разгледзець законапраект, які ў першым чытанні быў прыняты пераважнай большасцю галасоў — 103 галасы. І наколькі нам вядома, ніякіх зменаў у яго не ўносілася ў міжсесійны перыяд. Падчас сесіі не было пасяджэння парламента па гэтым пытанні, на працоўнай групе таксама нічога не гаварылася"

Удзельніцы руху "Маці 328" кажуць, што прадстаўнікі МУС і Следчага камітэта хацелі ўнесці праўкі ў першую частку артыкула 328 — наконт трактоўкі сумеснага набыцця і сумеснага спажывання наркотыкаў. Але на круглым стале па гэтай праблеме 11 снежня прадстаўнікі Следчага камітэта заявілі, што не ўпаўнаважаныя каментаваць гэтае пытанне. 

Цяпер яны патрабуюць сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам і працягу восеньскай сесіі. 

Да жанчын выйшаў начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян Сазонаў і абяцаў перадаць іх просьбу аб сустрэчы.