Лыжнік Далідовіч сабраў усю суму, патрэбную для ўдзелу ў Алімпіядзе

Беларускі лыжнік, удзельнік шасці Алімпійскіх гульняў Сяргей Далідовіч сабраў усю неабходную суму для ўдзелу ў сёмай Алімпіядзе. На дадзены момант ён ужо мае 30 300 рублёў, а гэта нават крыху болей за патрэбную суму (30 тысяч рублёў). Збор сродкаў ідзе на краўдфандынгавай пляцоўцы talaka.by, да завяршэння кампаніі яшчэ 47 дзён.

44-гадовага лыжніка не ўключылі ў зборную краіны праз узрост, але ён гатовы даказаць, што зможа годна прадставіць сваю краіну на Алімпіядзе-2018. Каб усё ж трапіць на Гульні, спартсмен павінен прыняць удзел у адборачных спаборніцтвах і прайсці зборы за мяжой. На гэта і трэба 30 тысяч рублёў.

Падрабязны каштарыс выдаткаў спартсмен абяцае апублікаваць бліжэйшым часам, а пра ўсе этапы падрыхтоўкі распавесці на сайте і ў сацыяльных сетках.