Вы тут

Лыжка мёду: снег у Бразіліі, вяселле дома і новы альбом Земфіры

Лыжка мёду​ на Еўрарадыё

Пакуль у Расіі распрацоўвалі закон аб магчымасці заключаць шлюбы ў хатніх умовах, у Бразіліі выпаў снег, а ў ЗША робат-кур'ер паставіў свой першы рэкорд. Маленькая дзяўчынка ў Шатландыі кінулася на дапамогу да хлопчыка, які тануў у рацэ, і выратавала яго, хоць не ўмела плаваць.

Пра гэта і не толькі — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.

 

Вяселле дома

Міністэрства юстыцыі дазволіла расіянам заключаць шлюбы дома і ў лякарнях пры "асаблівых абставінах". Будучыя маладыя павінны пазначыць прычыну ў заяве.

Да асаблівых абставін могуць аднесці цяжарнасць, роды, пагрозу жыццю жаніха або нявесты і некаторыя іншыя.

Максімальны час рэгістрацыі такога шлюбу — 150 хвілін.

Новы закон набудзе моц у пачатку жніўня.

Такое хатняе вяселле / wedding.ua

Снег у Бразіліі

У Бразіліі пахаладала. У некаторых гарадах паўднёвага штата Рыу-Грандзі-ду-Сул выпаў снег. Жыхары краіны гуляюць у снежкі і лепяць снегавікоў, публікуючы фота ў сваіх сацыяльных сетках. Па прагнозах сіноптыкаў, хутка снег можа пайсці і ў іншым паўднёвым штаце Санта-Катарына. Тэмпература паветра панізіцца да мінус 10 градусаў.

Новы альбом Земфіры

Расійская спявачка Земфіра выпусціла міні-альбом "Ах". У яго ўвайшлі чатыры песні: "Гудбай", "Ах", "Почта" і "Мелодрама".

Робат-кур'ер і яго першыя пяць кіламетраў

У ЗША сканструявалі робата, якога можна выкарыстоўваць у ваенных або цывільных мэтах. "Хлопца" назвалі Cassie, у яго дзве нагі, камп'ютар і акумулятар. У рамках эксперымента робат змог пераадолець пяцікіламетровую дыстанцыю. Уменне бегаць дазволіць Cassie атрымаць прафесію — напрыклад, ён можа працаваць кур'ерам.

Свае першыя пяць кіламетраў машына прабегла за 53 хвіліны, набраўшы максімальную хуткасць 2,15 метра за секунду.

Небывалая смеласць

У Шатландыі васьмігадовая дзяўчынка Тырні Бат кінулася ў раку Тэй і выратавала 12-гадовага хлопчыка Кайдэна Петэрсана. Малая трымала галаву Петэрсана над вадой, пакуль яны чакалі ратавальнікаў. Смелая Тырні ні хвіліны не сумнявалася перад тым, як кінуцца на дапамогу, нягледзячы на тое, што сама плаваць не ўмее.

Маці хлопчыка аддзячыла выратавальніцы сына, назваўшы яе "неймаверна адважнай".

"Маленькае дзіця зрабіла тое, пра што шмат каму з дарослых і падумаць страшна. У мяне бракуе слоў, каб выказаць сваю ўдзячнасць: усё магло б быць зусім інакш, калі б яна не дапамагла яму", — заўважыла жанчына.

Тырні Бат / Cascade News Ltd

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.