"Людзі ехалі тысячамі!" Што цяпер адбываецца на цэнтральным вакзале ў Варшаве

Варшаўскі цэнтральны вакзал / Еўрарадыё
Варшаўскі цэнтральны вакзал / Еўрарадыё

Магчымасці прымаць людзей у некаторых польскіх гарадоў, як заяўляюць мясцовыя ўлады, ужо практычна вычарпаныя. На 14 сакавіка Польшча ўжо прыняла каля 1,8 мільёна ўцекачоў. Гэта параўнальна з насельніцтвам Варшавы да пачатку вайны ва Украіне. Калі гаварыць пра сталіцу Польшчы, то на мінулым тыдні ўцекачамі былі забітыя ўсе вакзалы. Людзі нават начавалі там. Нягледзячы на гэта, украінцы працягваюць прыбываць у краіну. Еўрарадыё з'ездзіла на "Варшаву цэнтральную", паглядзела, што там адбываецца і якая сітуацыя з колькасцю ўцекачоў.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

Раніцай на цэнтральным чыгуначным вакзале Варшавы нельга сказаць, што шматлюдна. У касу па квіткі стаіць усяго некалькі чалавек. Яшчэ невялікая група ўкраінцаў каля інфацэнтра, дзе валанцёры кансультуюць і дапамагаюць знайсці жыллё. Рэдкія людзі падыходзяць да сталоў з бясплатнай гарбатай, кавай, печывам і цукеркамі. Валанцёры іх частуюць.

У зале чакання на другім паверсе яшчэ некалькі дзён таму быў сапраўдны лагер для ўцекачоў: людзі там елі, спалі разам з дзецьмі, сабакамі і катамі пасярод сумак і валіз у чаканні магчымасці ўзяць квіткі на цягнік і з'ехаць. Чэргі па іх былі кіламетровыя. Цяпер амаль усе раскладушкі і матрацы з падлогі прыбралі, засталося толькі некалькі спальных месцаў. Некаторыя спяць на сядзеннях, накрыўшыся пледамі.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

Валанцёры, якія рэгулярна дзяжураць на вакзале і дапамагаюць уцекачам усім, чым толькі можна, пацвярджаюць, што плынь тых, хто прыязджае, стала меншая.

— Так, яшчэ тыдзень таму тут быў проста кашмар! Людзі ехалі тысячамі! Не хапала рускамоўных і ўкраінскамоўных валанцёраў, якія маглі б нешта падказаць, паказаць, адвесці. А некаторыя настолькі напалоханыя, стомленыя, што цалкам дэзарыентаваныя — не разумеюць, што рабіць, куды ісці. Па ежу стаялі чэргі, па жыллё таксама. Было вельмі складана справіцца з такой плынню людзей. Цяпер, вядома, сітуацыя змяняецца час ад часу, але людзей адназначна менш, — расказвае дзяўчына-валанцёрка.

Наконт таго, ці можа Варшава і надалей прымаць уцекачоў, дзесьці размяшчаць іх, яна сказала, што з кожным днём рабіць гэта ўсё складаней.

— У мяне, вядома ж, няма нейкай дакладнай статыстыкі, але па маіх назіраннях, уладкоўваць людзей тут з кожным днём усё складаней. Адзення хапае, прадуктаў таксама — людзі пастаянна нешта прыносяць. А вось з жыллём туга. Вядома, нешта вызваляецца, хтосьці кудысьці пераязджае, але ў цэлым цяжка ўжо.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

За спінай пачуўся гучны брэх. Аказалася, хтосьці з пераноскі выпусціў белага шпіца. Сабака, мабыць, праседзеў у ёй не адну гадзіну, таму наразаў кругі па вакзале і радасна вішчаў. Да яго гаспадыні падышлі дзве дзяўчыны ў аранжавых камізэльках з відарысам сабак на спіне. Валанцёры дапамагаюць не толькі ўцекачам, але і іх гадаванцам. Шпіца пакармілі, выдалі яму шлейку і павадок.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

Ля табло з раскладам цягнікоў заўважаю маладую жанчыну з двума дзецьмі. Цікаўлюся, адкуль прыехалі, куды далей збіраюцца.

— Мы прыбылі з вёскі пад Кіевам у Варшаву ўжо тыдзень таму. Выехалі 6 сакавіка, дабраліся да Львова. Там пераначавалі і на наступны дзень паехалі да прапускнога пункта. Мой брат нас давёз да КПП, высадзіў, там пешшу. Сам ён застаўся. Пайшоў у тэрытарыяльную абарону, — расказвае Марына. — Мяжу праз "Грушаў — Будомеж" мы прайшлі нечакана хутка, усяго за 3,5 гадзіны. Вельмі здзівіла стаўленне памежнікаў да людзей. Здаецца, яно яшчэ лепшым стала, чым было ў звычайны час. Усе вельмі клапоцяцца, асабліва на польскім баку. Вельмі турбуюцца пра дзяцей, каб не змерзлі, каб не галодныя былі.

Польскі кантроль мы прайшлі да 10 вечара. Проста да пункта пропуску прыехаў аўтобус, забраў нас у цэнтр для ўцекачоў. Там мы пераначавалі. Мы так наперажываліся і нахваляваліся за апошнія дні ва Украіне, што былі вельмі радыя апынуцца нават у гэтым цэнтры, спаць на матрацах на падлозе, але без знішчальнікаў над галавой.

На наступны дзень нас знаёмыя прывезлі ў Варшаву на вакзал. Там мы павінны былі ўзяць квіткі і паехаць у Познань. Але тады былі такія чэргі, што мы маглі б і заначаваць тут. Нам прапанавалі трошкі пабыць у Варшаве і паехаць, калі чэргі стануць меншыя. Вось сёння мы ўзялі квіткі, чакаем цягнік. Цяпер людзей у разы менш, чым 8 сакавіка.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

Да 10:00 людзей на вакзале становіцца прыкметна больш. Ля касы ўтварылася невялікая чарга.

— Мы з-пад Харкава. У двор дома маіх бацькоў трапіў снарад. Ад выбуху выбіла вокны. На шчасце, мы з мужам іх вывезлі да таго часу ў Львоў. Маме з татам нічога не сказала, каб менш перажывалі, — расказвае Даша.

Яна з'ехала з двума сваімі дзецьмі і чатырохгадовай дачкой брата.

— Многія дамы ў нашай вёсцы занялі рускія вайскоўцы. Сказалі, што яны цяпер там жыць будуць. А мясцовыя жыхары павінны сысці. Адразу яны проста прыходзілі прасіць ежу, а потым камандаванне ім рукі развязала і яны сталі барзець, — працягвае суразмоўніца. — Я, муж, брат і дзеці да ад'езду сюды начавалі на лецішчы ў падвале. Там было жахліва холадна, дзесьці 10-11 градусаў цяпла. Накрываліся чым толькі можна было. Але ўсё роўна замярзалі. Выходзіш кожны раз у прыбіральню на двор і думаеш, можа, апошні раз бачыш святло. Потым малодшая пачала саплівець і кашляць. І мы зразумелі, што трэба з'язджаць, пераседзець не выйдзе. Мы проста пазахворваем усе.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

З мяжы Даша з дзецьмі на бясплатным аўтобусе дабралася да варшаўскага вакзала. Прыехалі яны ўночы. Спадзяваліся сесці раніцай на цягнік, таму ад жылля адмовіліся. Задрамалі ў зале чакання на другім паверсе.

— Зараз паедзем у Сопат да сваякоў былога мужа. Яны нас запрасілі, сказалі, што можам у іх жыць колькі заўгодна. Але хацелася б як мага хутчэй паехаць дадому. Хоць да канца вайны і вяртацца ўжо не будзе куды, застануцца адны руіны.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

Паліцыя і ахова вакзала, як і валанцёры, дапамагаюць людзям знайсці платформы, куды прыбываюць патрэбныя цягнікі, падносяць рэчы, маленькіх дзяцей. Людзі ў камізэльках распіхваюць малым па кішэнях прысмакі і мандарыны на дарожку.

— Мы вельмі ўдзячныя ўсім гэтым людзям! — сказала пажылая пара, якую праводзіў паліцэйскі на цягнік, вёз іх валізы. — Нам знаёмыя з Кіева, якія з'ехалі яшчэ ў пачатку вайны, расказвалі, што тут усё ніяк не арганізавана. На самай справе арганізавана ўсё аказалася вельмі добра! Нас прывезлі з-за мяжы сюды, усю дарогу кармілі, далі начлег зусім бясплатна. Нават, бачыце, валізу не даюць самім везці.

“Люди ехали тысячами!” Что сейчас происходит на центральном вокзале в Варшаве
Еўрарадыё

На пероне таксама людзей менш, чым было на мінулым тыдні. Праз вокны відаць, што ў цягніках ёсць вольныя месцы.

— Думаем, што тыя, хто дагэтуль не з'ехаў, асабліва і не пабягуць. Асабліва старыя, як мы, — падзяліліся меркаваннем мае суразмоўцы. — Калі б у нас дзяцей за мяжой не было, мы б таксама засталіся. Усё-ткі ўсё жыццё ва Украіне пражылі. Хацелася б там яго і скончыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі