Любімыя месцы сталіцы вядомых мінчан (фота)

Мінску сёлета спаўняецца 946 гадоў. Традыцыйна Дзень горада адзначаюць у другую суботу верасня. Пакуль агракамбінаты і ўнівермагі рыхтуюць намёты з шашлыкамі і паліцы з айчыннай вопраткай, Еўрарадыё высвятляе ў вядомых мінчан, якія іх любімыя месцы ў сталіцы.


Музыка і шоў-мэн Аляксандр Памідораў, каго ведаюць у кожным сталічным бары і без каго не абыходзіцца ніводная шумная рок-тусоўка ў горадзе, пра Мінск можа расказваць гадзінамі, а, магчыма, і днямі-тыднямі. Аляксандр нарадзіўся ў сталіцы і яшчэ маленькім карапузам збіваў каленкі аб брук Верхняга горада. Цяпер Памідораў засмучаны тым, што на месцы яго любімага дворыка вырас гандлёвы цэнтр і паркінг па адрасе Няміга,3. Раней гэты дворык быў часткай ансамбля старых мінскіх забудоў XVIII-XIX стагоддзяў.


Аляксандр Памідораў: "Гэта быў дворык паміж вуліцамі Няміга і Рэвалюцыйная, такі цалкам крымскі дворык. У ім было вельмі ўтульна, там было вельмі добра бавіць час. Людзі, якія там жылі, у свае часы пакінулі 2 здаровыя крэслы, стары стол і нават канапу. І яны там проста стаялі, часам пад дажджом, часам на сонцы. Яшчэ там раслі яблыня і вішня. А яшчэ крыху раней там быў стары склад. І на гарышчы гэтага склада мы гулялі ў штабікі. Дворык знаходзіўся ўздоўж сцяны XVIII стагоддзя. Можна было залезці на дах і глядзець з вышыні на Нямігу".


Журналіст і пісьменнік Віктар Марціновіч хоць і нарадзіўся ў Ашмянах, але ў Мінску жыве ўжо шмат гадоў. Падчас шпацыраў па горадзе ён адкрыў для сябе маленькі квартальчык сталінскай забудовы з трохпавярховымі “палацамі” ўздоўж вуліцы Кашавога.


Віктар Марціновіч: "На мой погляд, гэта абсалютны архітэктурны цуд. Цуд у тым, што ў нас, у Мінску, які асацыюецца з велізарнымі 7-павярховымі гмахамі сталінскай забудовы ўздоўж праспекта Незалежнасці, ёсць такая ўнікальная мясцінка. Трохпавярховыя дамкі з неверагоднымі па прыгажосці лесвічнымі пляцоўкамі, якія бачныя з вуліцы, са статуэткамі львоў, нейкімі дваровымі скульптурамі. Там можна правесці дзве, тры, чатыры гадзіны гуляючы па дварах, проста назіраючы за гэтай ляпнінай, барэльефамі, статуямі. Я люблю гэтае месца за тое, што яно спалучае архітэктурную выкшталцонасць і абсалютную невядомасць".


Побач з дворыкамі, распавядае Віктар, ёсць невялікі парк, у якім амаль нікога не бывае. І ёсць будынак з барэльефамі ў форме русалак. Што цікава, увесь час там была заа-крама. І цуд яшчэ ў тым, што ў Мінску, дзе ўсё змяняецца, па-ранейшаму існуе тая ж крама, і ў акварыюме там плавае акула.


Плыўчыха Аляксандра Герасіменя з’явілася на свет у Мінску і дзяцінства правяла ў Фрунзенскім раёне. Сёння прызёрка Алімпіяды дома бывае не часта. Калі выпадае вольная хвіліна, любіць праехацца за рулём ці прагуляцца па вячэрнім праспекце Незалежнасці. Аднак галоўнае месца ў жыцці беларускай "залатой рыбкі" — аэрапорт.


Аляксандра Герасіменя: "Заўсёды, калі я злятаю ці вяртаюся, у мяне ўзнікае пачуццё ці нечага новага, што мяне чакае там, за бугром, ці, наадварот, нечага хатняга, што я нарэшце дома. Таму аэрапорт у мяне асацыюецца з нечым нязведаным, цікавым, новым".


Для галоўнага рэдактара радыё "Мінск" і аўтара праграмы "Я люблю свой горад" Максіма Крукоўскага лепшым месцам у сталіцы з'яўляецца праспект Пушкіна.


Максім Крукоўскі: "Я там вырас, і вельмі прыкра, што апроч маленькай шыльды на доме нічога не нагадвае пра паэта, на жаль. З гэтым месцам звязаныя самыя светлыя адчуванні дзяцінства, калі нікуды не трэба, ніхто нікому нічога не павінен, і ніхто не павінен табе".


Максім кажа, што мемарыяльная дошка ў гонар Пушкіна з'явілася на праспекце 15 гадоў таму. Прычым, калі ад дошкі вандалы адарвалі некалькі літар, жыхары раёна, у тым ліку, і ён сам, скідваліся грашыма, каб яе адрэстаўраваць. А вось помнік расійскаму паэту стаіць далёка — на беразе Свіслачы, што выглядае некалькі дзіўна. Маўляў, "калі вялікі праспект у горадзе называецца імем паэта, то гэтае месца трэба абазначыць больш ясна".


Анастасія Слуцкая, Барбара Радзівіл і сяброўка Сяргея Міхалка — актрыса Святлана Зелянкоўская асацыюе сваё любімае месца ў горадзе з Зялёным лугам і Першамайскім раёнам усё па той жа прычыне: там яна нарадзілася і жыве дагэтуль.


Святлана Зелянкоўская: "Гэта зялёны раён, блізкі да цэнтра, нават і цэнтр — бо там праспект. Але не загружаны будынкамі, жывы і здаровы. Там прайшло маё дзяцінства, з якім звязаныя самыя прыемныя моманты: першае каханне і ўвогуле, пазнаванне свету".


Цяпер Святлана чакае з гастроляў “шалёнага Сярожу” у кватэры ля Нацыянальнай бібліятэкі, але часта гуляе па зялёных вулачках Зялёнага луга, дзе жывуць яе бацькі.


Стадыён "Дынама" — любімае месца бізнесмена і рэстаратара, каардынатара фолк-фэста "Камяніца" Сяргея Чагрынца.


Сяргей Чагрынец: "Калі ўздымаешся ў чашу, узнікае адчуванне глабальнай спартыўнай падзеі. Такая любоў навеяная футбольнымі справамі перыяду 1990-х, калі не было асаблівых канцэртаў, а футбол быў адзіным магчымым шоў, забавай, звязанай з поспехамі каманды. Вочы заплюшчыш, і ўяўляеш арэну, зялёны газон. Такое цёплае месца. Вельмі старое, можна сказаць, намоленае. Я вельмі люблю стары "Дынама".

Сваё любімае месца ў Мінску Ян Максімовіч з гурта Yellow Brick Road называе "сонейкам". Яно знаходзіцца на вулачцы, што вядзе ад старога будынка Нацыянальнай бібліятэкі да парка Горкага і ўяўляе сабой савецкі будынак з круглымі вокнамі.


"Я там шмат чаго згубіў, — смяецца Ян. — Шмат чаго. Аднойчы я згубіў там тэлефон, іншы — гадзіннік, яшчэ — блютуз. Я там шмат чаго згубіў і не знаходзіў, але мне там вельмі падабаецца. Гэта месца забірае ў мяне нейкія рэчы, аднак, відаць, яны мне не так ужо і патрэбныя. Я там сустракаюся з сябрамі вельмі часта і так і кажу: "Я іду на "сонейка".


Мастацтвазнаўца і гісторык Сяргей Харэўскі можа бясконца распавядаць пра гісторыю свайго любімага мінскага месца — Парка Горкага — першага публічнага парка ва Усходняй Еўропе. У XVIII стагоддзі ён быў закладзены першым расійскім губернатарам Мінска, лібералам і масонам Карнеевым. Цягам 40 гадоў сцежкі Харэўскага вялі праз парк — у садок, школу, вучылішча.


Сяргей Харэўскі: "Менавіта ў Парку імя Горкага я выйграў дзіцячы конкурс малюнкаў на асфальце, крэйдай намаляваўшы коней. Што стала ключавым момантам у маёй біяграфіі. Фотаздымкі са мной былі змешчаныя ў гарадской дзіцячай прэсе. А да маіх бацькоў прыйшлі настаўнікі малявання з 26 школы з мастацкім ухілам і ўгаварылі аддаць мяне займацца мастацтвам".


Цяпер Сяргей любіць прагульвацца па парку разам са сваёй маленькай дачушкай. Харэўскаму не надта падабаецца, што асфальту ў парку Горкага становіцца ўсё болей. Аднак, кажа гісторык, і сёння ў "шатрах тамтэйшых дрэваў можна ўбачыць вавёрку, а пры жаданні, у рацэ злавіць нават ракаў".


А вось арганізатар фестываляў Ян Бусел нарадзіўся на бульвары Талбухіна. І дагэтуль гэтае месца з'яўляецца яго сталічным фаварытам.


"Я вырас у гэтым раёне: Калініна, Кузьмы Чорнага, Талбухіна. І памятаю, якім быў бульвар, калі мне было літаральна 5 гадоў — такім жа, як і ўвесь горад напрыканцы 1980 —пачатку 1990-х. Бульвар Талбухіна — гэта ж частка Батанічнага сада, яго працяг. І мала хто пра гэта ведаў. Але жыхары раёна гэта ведалі. Таму я памятаю, як бабулькі выходзілі і самі падмяталі бульвар, калі не было яшчэ асабліва дворнікаў. І уласна у гэтым скверы прайшло ўсё маё дзяцінства: першае спатканне, падлеткавыя школьныя тусоўкі".


Лідар Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч зараз не мае любімага месца ў горадзе. Аднак з задавальненнем успамінае свае хіпарскія часы.


"Раней у мяне былі любімымі месцамі Панікоўка і Траецкае прадмесце, калі яно было яшчэ не адрэстаўраваным, і там быў так званы дом масонаў руіны нейкага вялікага ці то палацу ці чаго. Зараз пра гэта ўжо мала хто памятае. Мы там пастаянна тусаваліся, цягам многіх гадоў. Але любімым месцам была ўсё ж Панікоўка. І зараз, калі міма праходжу, магу там пасядзець на зэдліку".

Сучаснае Траецкае прадмесце музыку не падабаецца. На яго погляд яно зрабілася занадта пафасным.


P.S. Цікава, што аўтар "Песні пра Мінск", якая будзіць мінчан з вежы Ратушы, Ігар Лучанок… Мінск не любіць. Кажа, што ўвогуле горад — гэта "каменны мяшок". Па духу, кампазітару-мінчаніну бліжэй вёска. Што ж, кожнаму сваё.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі