“Ляпісы” рыхтуюцца да выступу ў Пскове, нягледзячы на яго магчымую забарону

Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-аташэ “Ляпісаў” у Расіі Аляксандр Бергер:

“Тое, што тычыцца Пскова, мясцовыя арганізатары кажуць, што квіткі ніхто не здае — усё ідзе па вызначаным плане. Папярэднія канцэрты, якія праходзілі ў межах гэтага тура, практычна ўсе аншлагавыя. Учора ў Архангельску быў поўны аншлаг і ўсё было добра”.

Напярэдадні канцэрта “Ляпіса Трубяцкога” у Пскове мясцовае рэгіянальнае аддзяленне Камуністычнай партыі Расіі прызвала байкатаваць і адмяніць выступ беларускага гурта. Такім чынам камуністы адрэагавалі на ліст мясцовага жыхара Палкіна, які папрасіў партыю звярнуцца да міністра Культуры Уладзіміра Медынскага з просьбай забараніць канцэрты гурта, а таксама ўезд Сяргея Міхалка на тэрыторыю Расіі.

Сваю ініцыятыву камуністы тлумачаць тым, што Сяргей Міхалок падчас выступленняў на Еўрамайдане "падтрымаў дзяржаўны пераварот ва Украіне". Яны згадалі новы альбом гурта, які з'явіўся нядаўна і мае назву "Матрёшка". Паводле меркавання пскоўскіх камуністаў, у альбоме "у самым непрывабным выглядзе прадстаўленая Расія з яе рускай мовай, лідары Савецкага Саюза".

“Ніякіх крокаў мы прадпрымаць не будзем, мяняць гастрольныя планы таксама не збіраемся, — каментуе сітуацыю Бергер. — Пакуль усё ідзе па плане. А рэагаваць на гэта і каментаваць гэта мы не хочам. Таму што каментаваць пакуль няма чаго. Нейкі чалавек выступіў са сваёй ініцыятывай. Магчыма, гэта сапраўды была яго ініцыятыва. Паглядзім, што будзе далей”.

Рэліз новага дыска “Ляпісаў” адбыўся 1 сакавіка. Альбом склалі 10 песень і кавер на песню "Гражданской обороны" "Государство". Адначасова з выхадам пласцінкі пачаўся канцэртны тур у яе падтрымку. У яго межах гурт дасць канцэрты ў Расіі, Украіне і іншых краінах Еўропы. Канцэрт “Ляпіса Трубяцкога” у Пскове запланаваны на 14 сакавіка.

Нагадаем, нядаўна расійскія дэпутаты дамагліся адмены канцэртаў гурта “Океан Ельзи” у Расіі. Лідар гурта Святаслаў Вакарчук быў абвінавачаны ў русафобіі і ў падтрымцы нацыяналістычных ідэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі