Ляпис Трубецкой “Рабкор”

Адразу новы першамайскі альбом Ляписа Трубецкого “Рабкор” падаецца незавершаным. Песні пакідаюць уражанне папярэдніх накідаў, працоўнага матэрыялу, які выпадкова трапіў у інтэрнэт недааранжыраваным з усімі хібамі і мацюкамі. У “Рабкоры” няма сітараў, дуды і іншага аздаблення, як у папярэдніх альбомах. Гітара, якая рабіла мелодыку “Весёлых картинок” адышла на задні план, саступіўшы месца істэрычна бразгочучай духавой секцыі. Але, як тлумачыць Сяргей Міхалок, менавіта так і павінен гучаць музычны стыль “рабкор”, “музыка рабоў, якія паўсталі”.

 120511 Agljadacha.mp3

Ідучы шляхам мінімалізацыі, Ляпісы спрасцілі музычны бок альбома амаль да схематызму. Стандартная куплетна-прыпеўная структура, немудрагелістыя духавыя партыі і амаль суцэльны рэчытатыў ствараюць эфект дэжа вю і замінаюць арыентавацца ў трэках. Напрыклад, песня “Не быць скотам” на верш Янкі Купалы і трэк, верагодна, на тэму нечага сацыяльнага ў Расіі “Путінарода” – выглядаюць блізнятамі, створанымі па адным шаблоне. Напэўна, такі падыход павінен канцэнтраваць увагу слухача на галоўным – ідэалагічным пасыле. Але тут усё таксама сумна.

Шчыра кажучы, рыторыка апошняга альбома патыхае даволі таннай бутафорыяй. Таму што ў такім спрошчаным выглядзе, амаль пазбаўленая ранейшага гратэску і іроніі і перанасычаная змагарскім пафасам і вобразамі пачатку мінулага стагоддзя, карцінка выглядае даволі наіўна. Як перасцярога з песні з характэрнай назвай “Браненосец”: “если сейчас не бороться, завтра нам всем п...ц, больше никто не увидит солнца...” ці вінтажны заклік “убить раба внутри себя”.

Можна знайсці ў альбоме і рэшткі пэўнай меладычнасці. У бронецягніку “Рабкор” ёсць парачка вагонаў з прыватным багажом Сяргея Міхалка. Песні “Цмок ды арол” і “Лилипут” выразна выдзяляюцца на агульным брутальным фоне сваёй лірычнасцю.

Паспрабуем ўявіць, на каго ж разлічаны “Рабкор”, і ў які бок можа пасунуцца аўдыторыя Ляпісаў з яго выхадам. Ёсць меркаванне, што з кожным альбомам слухачы гурта маладзеюць. І паміж аматарамі “Ранетого сердца” і цяперашнімі фанатамі ЛТ – адлегласць у пакаленні. Таму нягледзячы на тое, што лірычны герой апелюе да братвы, якая сядзіць у брудных норах, верагодна, пласцінка спадабаецца спартыўным падлеткам, аматарам прамых энергічных рытмаў і стэйдждайвінгу.

Цікава, што ў творчасці Сяргея Міхалка зноў усплыла яечная тэма). Дыск “Золотые яйца” выйшаў 8 гадоў таму і быў апошнім для старога Ляпіса. А на пласцінцы пад назвай “Рабкор” з сур’ёзнай інтанацыяй ўздымаецца пытанне, якое ў траўні, напэўна, найбольш актуальнае для коцікаў: “Маеш яйцы, маеш ці не?” Зразумела, што сувязі тут ніякай няма, але застаецца адчуванне, што для гурта Ляпис Трубецкой наспеў чарговы крызіс, бо цяперашняя яго інкарнацыя сябе зжыла і патрабуе пераўтварэнняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі