Ляпис Трубецкой “Весёлые картинки”

"У гэтым альбоме вельмі шмат маіх сноў, маіх успамінаў. Асабіста маіх! Пахаў, адчуванняў, людзей, з якімі я калі-небудзь сустракаўся".

Сапраўды, у альбоме – шмат прыватных перажыванняў лідара Ляписа Трубецкого, а сам гурт прысутнічае на другім плане. Застаецца ўражанне, што на дыску – адразу два альбомы – гурта Ляпис Трубецкой і сольны Сяргея Міхалка. Магчыма, Сяргею сапраўды варта было запісаць сольнік. А што, калі альбом пазбаўлены неабходнасці адпавядаць стандартам брэнда ЛТ, мог бы атрымацца больш гарманічным і цэласным...

Дык вось, калі правесці вельмі ўмоўную мяжу паміж двума альбомамі, то яна акурат пройдзе паміж інтымным і грамадзянскім. На грамадзянскім баку мы адразу пазнаем Ляпіс узору “Агіт-попу” – усё тая ж праблематыка і вобразнасць. Прычым свет “Весёлых картинок” дакладна перамагае па насычанасці разнастайнымі міфічнымі істотамі. Прычым, усе гэтыя героі разнастайных міфалогій незаўважна набіваюцца вам у галаву, адкуль іх пасля можа быць складана вытрасці – будзьце асцярожныя падчас праслухоўвання альбома!

У “Весёлых картинках” Ляпис Трубецкой абяцаў паказаць, што акрамя так званага ска, можа граць усё што заўгодна. Сапраўды, гучанне гурта больш не абапіраецца на духавую секцыю – замест яе на першым плане з ‘явіліся сінтэзатарныя гукі, этнічныя інструменты, больш свабоды далі гітарысту, ці, прынамсі, яго стала лепш чуваць. Некаторыя аранжыроўкі вельмі нечаканыя. Напрыклад, ва уступе да песні “Космонавты” можна пазнаць усё што заўгодна, толькі не Ляпис Трубецкой. Вось паспрабуйце угадаць мелодыю. Нам падаецца, што гэта мог бы быць уступ да песні, скажам, гурта Placebo. Праўда, куплет усё вяртае на свае месцы.

А ў адным з сінглаў альбома – песні "Грай" гучыць беларуская дуда, што неверагодна усцешыла нацыянальна-арыентаваную частку ляпісаўскай аўдыторыі.

У прынцыпе, з гуртом Ляпис Трубецкой усё зразумела. Ён лагічна, хаця і не так катэгарычна, як гэта было з альбомам “Капитал”, эвалюцыянуе ў выбраным напрамку. Паспрабуем зазірнуць у лірычную частку альбома, якая цалкам належыць асабістым перажыванням Сяргея Міхалка. Гэты бок альбому месцамі падаецца ажно занадта інтымным пасля серыі "Агіт-поп", лірычны герой робіцца нечакана шчырым, і нават сентыментальным. Ад гэта кантрасту ўзнікае няёмкасць і ўражанне, што раптоўна адчыніліся дзверы ў чужую спальню. Маецца нават песня пра каханне – “Принцесса”!

Адчуваецца, што вельмі важная ў гэтым уяўным альбоме песня-рэфлексия сумнага блазна “Шут”. Хрэстаматыйны вобраз – “гаер подражает соловью, но скрывает ворона под маской”. Тут гратэск (які заўсёды быў адным з галоўных інструментаў ЛТ) з’яўляецца ледзь не ў класічнай форме. Падмацоўвае ўражанне аранжыроўка з дапамогай дурнаватага сэмплаванага клавесіна.

У выніку, альбом пакідае ўражанне балансавання паміж унутраным і знешнім, радасцю і сумам, мінулым і будучым, ну, і гэтак далей. Відавочна, што “Весёлые картинки" і будуць пэўнай мяжой для Ляписа Трубецкого і, мяркуючы па тым, што адбываецца вакол гурта апошнім часам, - не толькі ў музычным сэнсе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі