Лягчэй за ўсё сказаць "не хачу, не буду": навошта ісці на рэферэндум?

Галасаванне / pixabay
Галасаванне / pixabay

Байкот рэдка прыводзіць да фундаментальных змен у дзяржаве, нагадвае беларусам напярэдадні рэферэндуму спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык. Гэтымі словамі ён адказвае на пытанне слухачоў Еўрарадыё пра тое, для чаго наогул удзельнічаць у будучым рэферэндуме.

"Я выдатна разумею, чаму людзі задаюць сабе такія пытанні. Я паважаю такі пункт гледжання. З іншага боку, гледзячы на гісторыю, можна сказаць: байкот рэдка прыводзіць да фундаментальных змен. Па-першае, таму што гэта самаўхіленне ад удзелу ў грамадска-палітычным жыцці. У нас ёсць такое права, і трэба ім карыстацца. Лягчэй за ўсё сказаць "не буду, не хачу". Давайце ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай.

Па-другое, калі глядзець на рэальнасці і справаздачы папярэдніх наглядальных місій, складваецца ўражанне, што ваш бюлетэнь прыйдзе на ўчастак незалежна ад таго, ці прыйдзеце туды вы. Можа быць, лепш прыйсці і апусціць гэты бюлетэнь, зрабіўшы тое, што будзе мець нейкі палітычны сэнс?" — кажа Шлык.

Апошнія дзесяць гадоў Шлык працаваў у аддзеле па выбарах БДІПЧ АБСЕ, а з 2016 года быў яго кіраўніком. У гэтай якасці ён кіраваў назіраннем за ўсімі выбарамі ў рэгіёне АБСЕ.

Ён адзначае, што ў сітуацыі з рэферэндумам вельмі важная фармулёўка пытанняў. Гэтай тэматыцы прысвечаны нават асобны пласт акадэмічных даследаванняў. Але пакуль абмяркоўваць фармулёўку пытанняў рана — мы дагэтуль іх не ведаем.

"Калісьці мне мае настаўнікі казалі: калі растлумачыць не можаш, напэўна, і сам не вельмі добра разумееш. У мяне пакуль складваецца ўражанне, што пакуль няма рашэння — а што мы наогул рабіць збіраемся? Навошта — нібыта зразумела. А як — незразумела", — кажа Шлык.

Ён тлумачыць: пакуль што мы абмяркоўваем, "калі", а не "што".

Поўнае відэаінтэрв'ю з экспертам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі