Вы тут

Лябедзька: Мы паказваем, што ў нас і праз суд не знайсці справядлівасці

Анатоль Лябедзька, фота Еўрарадыё

Аб’яднаная грамадзянская партыя судзіцца з адміністрацыяй Цэнтральнага раёна Мінска. Прычынай для накіравання скаргі стала тое, што ніводнага з 14 прадстаўнікоў АГП чыноўнікі гэтага раёна не ўключылі ў склад выбарчых участковых выбарчых камісій. Гэта выбарчая акруга, дзе балатуецца прадстаўнік АГП Мікалай Казлоў.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, партыя вылучыла 83 чалавекі на ўключэнне ў склад выбарчых камісій па ўсёй краіне, але ухваленая была толькі адна кандыдатура ― Віктара Сучэнінава ў Мёрах. Тым не менш, кажа Лябедзька, судзіцца з выканкамамі ў іншых рэгіёнах яны не плануюць.

Лябедзька: “Гэтым разам мы ўзялі Мінск, Гомель, Оршу, Віцебск, Магілёў, Бабруйск і мы закрылі акругі, на якіх быў наш кандыдат, цалкам ― колькі там было ўчастковых камісій, столькі мы і закрылі сваімі людзьмі. А ў такім выпадку нават з пункту гледжання выпадковасці хоць нехта павінен у камісію трапіць. У нас не патрапіў ніводны, апроч Пад’ельцаўскай акругі №9 у Мёрах. Па рашэнні нашага выбарчага штаба, калі не ўключылі паўсюль, мы ўзялі акругу Казлова і робім такі прэцэдэнт: паказваем, што ў нас і праз судовы механізм нельга знайсці ні справядлівасці, ні закона”.

Такая беспрэцэдэнтна нізкая колькасць уключэння ў склад выбарчых камісій іх прадстаўнікоў дала падставу партыі выступіць з заявай, у якой АГП вінаваціць улады ў падрыхтоўцы фальсіфікацый на сёлетніх мясцовых выбарах.

Разгляд грамадзянскай справы па скарзе Мінскай гарадской арганізацыі АГП пройдзе 9 студзеня ў судзе Цэнтральнага рана Мінска ў 14.30.

Галоўнае

Выбар рэдакцыі